Пошук

27.02.2023 15:15   Vatican News
Прыбыццё Папы Францішка ў Будапешт 12 верасня 2021 г. Фота: Janos Kummer / Getty Images

З 28 па 30 красавіка адбудзецца Апостальскае падарожжа Святога Айца ў Венгрыю. Папа Францішак наведае Будапешт па запрашэнні дзяржаўных і касцёльных уладаў гэтай краіны.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прыбудзе ў сталіцу Венгрыі раніцай у пятніцу 28 красавіка самалётам з Рыма. Пасля кароткага прывітання ў аэрапорце і афіцыйнай прывітальнай цырымоніі, якая адбудзецца перад сталічным Палацам Шандара, рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы, ён сустрэнецца з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам.

Потым Пантыфік скіруецца ў былы кармэліцкі кляштар у Будапешце, дзе звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Завяршыцца першы дзень папскага падарожжа сустрэчай з венгерскімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі. Яна пройдзе ў сталічным конкатэдральным касцёле святога Стэфана.

29 красавіка Папа наведае з прыватным візітам дзяцей, якія атрымліваюць дапамогу ў цэнтры імя благаслаўлёнага Ласла Бацьяні-Штратмана. Потым ён адправіцца ў касцёл святой Альжбеты Венгерскай, дзе сустрэнецца з беднымі і бежанцамі. У другой палове дня пройдзе сустрэча Пантыфіка з венгерскай моладдзю, а ўвечары ён прыме ў нунцыятуры мясцовых езуітаў.

Апошні дзень падарожжа, 30 красавіка, Папа Францішак распачне цэлебрацыяй нядзельнай святой Імшы на плошчы Лаяша Кошута, пасля якой ён правядзе малітву Анёл Панскі.

У завяршэнні візіту Пантыфік наведае факультэт інфарматыкі і біёнікі Каталіцкага ўніверсітэта імя Пэтэра Пазманя, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ўніверсітэцкага свету і культуры. Потым Святы Айцец адправіцца ў аэрапорт, адкуль, пасля цырымоніі развітання, вылеціць у Рым.

Адзначаецца, што Папа Францішак наведваў Будапешт у верасні 2021 годзе з нагоды Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у сталіцы Венгрыі. Візіт не насіў афіцыйнага характару і быў абмежаваны ўдзелам Папы ў форуме.

Абноўлена 27.02.2023 15:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа