
22 студзеня, у Нядзелю Божага слова, у Познані (Польшча) упершыню адбылася цэлебрацыя святой Імшы на беларускай мове.
На працягу некалькіх месяцаў мясцовыя беларусы спрабавалі сабрацца разам, беручы прыклад з супольнасцяў у іншых гарадах Польшчы, шукалі месца для малітвы і святара, які б мог цэлебраваць літургію на беларускай мове. Пасля доўгіх перамоваў і пошукаў гэтыя пытанні былі вырашаныя, і ўжо ў новым годзе адбылася першая сустрэча.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў ксёндз Адам Врубель MSF, які доўгі час нёс святарскае служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На малітву ў сталіцы Велікапольшчы прыйшло больш за 100 асобаў, пераважна моладзь. Былі і міністранты, і хор, і музычнае суправаджэнне.
Сярод прысутных былі таксама праваслаўныя, якія адчуваюць патрэбу ў малітве на роднай мове. Пасля Імшы адбылася сустрэча за гарбатай, дзе быў час пазнаёміцца, паразмаўляць і абмеркаваць арганізацыйныя пытанні. Пакуль вырашана праводзіць Імшы па-беларуску раз на месяц, але магчымыя змены: адпаведная інфармацыя будзе падавацца ў сацыяльных сетках супольнасці.
Святыя Імшы на беларускай мове ў Познані будуць адбывацца ў апошнюю нядзелю месяца а 15-й гадзіне ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыіі з Ла-Салет (Ścinawska 49).



