Пошук

30.12.2022 22:22   Vatican News
Фота: Victor Fraile Rodriguez / Gettyimages

Смерць легенды сусветнага футбола Эдсана Арантэса ду Насімэнту, больш вядомага як Пеле, выклікала смутак у Каталіцкім Касцёле ў Бразіліі. 82-гадовы «кароль футболу» памёр 29 снежня пасля цяжкай хваробы.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пасля з’яўлення навіны пра смерць легендарнага футбаліста арцыбіскуп Сан-Паўлу кардынал Адзілью Пэдру Шэрэр заклікаў вернікаў маліцца за спачылага. «Молімся за Пеле, каб Бог прыняў яго ў сваёй бязмежнай міласэрнасці», — напісаў бразільскі кардынал у Twitter.

На афіцыйных старонках спартоўца ў сацыяльных сетках з’явілася паведамленне: «Шлях караля Пеле, які сёння мірна пайшоў з жыцця, быў пазначаны натхненнем і любоўю.

У сваім падарожжы Эдсан зачараваў свет сваім геніем у спорце, спыніў вайну, вёў сацыяльную дзейнасць па ўсім свеце і распаўсюджваў тое, што ён лічыў галоўным лекам ад усіх нашых праблем: любоў. Любоў, любоў і любоў, заўсёды».

Пеле некалькі разоў сустракаўся з Папамі: з Паўлам VI у 1966 годзе падчас свайго мядовага месяца, з Янам Паўлам ІІ у 1978 годзе ў Ватыкане, з Бэнэдыктам XVI у 2005 годзе падчас Сусветных дзён моладзі ў Кёльне. Сустрэча з Папам Францішкам павінна была адбыцца ў 2013 годзе падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, але Пеле не змог прыбыць на яе. Пазней, аднак, тагачасны Прэзідэнт Бразіліі Дылма Русеф падарыла Папу футбольную майку з аўтографам легенды футбола. Яшчэ ў снежні Папа Францішак казаў, што моліцца за цяжкахворага Пеле.

Пеле заўсёды падкрэсліваў, што футбольны талент атрымаў ад Бога, а астатняе развіў трэніроўкамі і дбайнай падрыхтоўкай. У адным з апошніх відэазваротаў футбаліст падзякаваў Богу за ўсе поспехі ў сваёй кар’еры. Яшчэ раней ён напісаў:

«Я спадзяюся, што Бог прыме мяне на нябёсах, як мяне сёння прымае ўвесь свет дзякуючы нашаму любімаму футболу».

Абноўлена 30.12.2022 23:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа