Прыкладна праз месяц ад пачатку электроннай рэгістрацыі для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі, якія пройдуць з 1 па 6 жніўня 2023 года ў Лісабоне, заяўкі на ўдзел падалі каля 200 тысяч чалавек.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першымі зарэгістраваліся вялікія групы з Італіі, Бразіліі, Іспаніі і Францыі. Пра гэта распавёў на прэс-канферэнцыі дапаможны біскуп Лісабонскай архідыяцэзіі Амэрыку Мануэл Алвэш Агіяр, які таксама з’яўляецца адказным за падрыхтоўку да Сусветных дзён моладзі.
Дадзеныя былі прадстаўлены падчас прэзентацыі душпастырскай праграмы ў Марыйным санктуарыі ў Фаціме, што ў 120 кіламетрах на поўнач ад партугальскай сталіцы, якая, па словах біскупа, будзе адыгрываць важную ролю падчас СДМ.
Біскуп Амэрыку Агіяр распавёў, што арганізатары Сусветных дзён моладзі, будуць цесна супрацоўнічаць з Фацімскім санктуарыем, бо «гэта месца з’яўляецца адзіным у краіне, якое ўжо мае вопыт работы з вялікай колькасцю людзей».
Партугальскі іерарх заўважыў, што Фаціма стане не толькі важным пунктам для маладых пілігрымаў СДМ, але і для Святога Айца, які ўжо сказаў, што вельмі хоча таксама прыехаць у Фаціму.
Для Папы Францішка ўдзел у СДМ у якасці Пантыфіка можа стаць ужо трэцім: раней ён прымаў удзел у форумах, якія праходзілі ў Рыа-дэ-Жанэйра (2013), Кракаве (2016) і Панаме (2019).
Рэгістрацыя ўдзельнікаў СДМ-2023 распачалася 23 лістапада. Першым свой удзел пацвердзіў Святы Айцец. Зрабіць гэта можна на афіцыйным сайце Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне lisboa2023.org.