Пошук

14.09.2022 23:33   Catholic.by

Фота: Reuters
Фота: Reuters

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у сталіцы Казахстана Нур-Султане Папа Францішак цэлебраваў святую Імшу, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі беларускага каталіцкага епіскапату: Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату распавёў Catholic.by, што ў гэты дзень сталічны пляц Экспа сабраў каля пяці тысяч вернікаў з Казахстана, Расіі і суседніх сярэднеазіяцкіх краін на ўрачыстую святую Імшу з нагоды візіту Папы Францішка.

«Па-першае, хочацца адзначыць гасціннасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі гэтага візіту з боку ўладаў і партыкулярнага Касцёла Казахстана, якія дазволілі стварыць вельмі цёплую і ветлівую атмасферу сустрэчы. Гэтую атмасферу накіроўвала і грунтавала, канечне ж, прысутнасць Пантыфіка і яго пастырскае слова.

Падчас Імшы, якая адбывалася ў свята Узвышэння Крыжа, Святы Айцец нагадаў, што для сучаснага чалавека надалей застаецца небяспека атрымаць адтрутны ўкус праз нараканне на Бога ці ў момант, калі давер да Яго пацярпеў крах. Такія сітуацыі могуць здарацца падчас нашай вандроўкі праз „пустыню“ жыцця ў моманты стомленасці і выпрабаванняў, калі ў нас нестае больш сілаў узнесці позірк да Бога.

Таму мы маем патрэбу ў Тым, каго „Бог дзеля нас зрабіў грахом“ (2 Кар 5, 21) — у Езусе, які, будучы ўзнесены на дрэве крыжа, не дазваляе атрутным змеям, што на нас нападаюць, прывесці нас да смерці. Менавіта таму ад крыжа Хрыста мы вучымся любові, а не нянавісці; спачуванню, а не абыякавасці; вучымся прабачаць, а не помсціць.

Фота а. Віктара Жука SI
Фота а. Віктара Жука SI

Таксама Папа Францішак засяродзіў увагу на пытанні міру, „які нельга набыць раз і назаўсёды, але для яго трэба працаваць кожны дзень“.

У сваёй прамове на заканчэнне святой Імшы ён адзначыў, што думае пра шматлікія месцы, спакутаваныя ад вайны, асабліва пра дарагую Украіну, і заахвоціў не прызвычайвацца да вайны, не мірыцца з яе непасзбежнасцю. Таксама запрасіў дапамагаць тым, хто пакутуе, і настойваць на спробах, сапраўды здольных прывесці да дасягнення міру, бо, як заначыў Святы Айцец, „адзінае выйсце — гэта мір; адзіны шлях да яго — дыялог“», — падзяліўся пачутым падчас Імшы біскуп Алег Буткевіч.

Ён дадаў, што ў чацвер Папа Францішак правядзе сустрэчу з духавенствам, у якой прымуць удзел таксама біскупы з Беларусі.

 

Абноўлена 15.09.2022 22:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа