З 30 жніўня па 2 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч праводзіў рэкалекцыі для святароў дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку, якая з’яўляецца самай вялікай па тэрыторыі каталіцкай дыяцэзіяй у свеце.
Заслужаны беларускі іерарх скіраваўся ў Сібір па запрашэнні мясцовага ардынарыя, нашага земляка біскупа Кірыла Клімовіча. Даручаная яго пастырскаму кіраванню дыяцэзія ў Іркуцку складаецца з 60-і парафій. У дыяцэзіі нясуць служэнне 37 святароў: 6 дыяцэзіяльных і 31 законнік. Да святарства рыхтуюцца 6 семінарыстаў: 1 дыяцэзіяльны і 5 законнікаў.
З-за вострага недахопу святароў, мясцовыя душпастыры павінны абслугоўваць па некалькі парафій, адлегласць паміж якімі дасягае некалькіх соцень, а часамі нават больш за тысячу кіламетраў.
Рэкалекцыі для духавенства дыяцэзіі ў Іркуцку адбываліся ў нядаўна пабудаваным рэкалекцыйным доме «Адзінства» святога Яна Паўла ІІ у Ліствянцы, што ў 60 кіламетрах ад Іркуцка на беразе возера Байкал.
Падчас рэкалекцый арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу прысутных святароў на неабходнасці духоўнага ўдасканалення як умовы паспяховага душпастырства ў місійных і экстрэмальных умовах Сібіры і Далёкага Усходу.
«Калі святары адзін ад аднаго знаходзяцца вельмі далёка, зіма суровая, шмат часу траціцца на даезд да парафій і іншыя складанасці, то неабходна моцная духоўная база, каб не „выгарэць“, як часта можна пачуць сёння», — падкрэсліў арцыпастыр.
Дзелячыся сваімі ўражаннямі ад візіту ў Сібір з Catholic.by, арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што, «нягледзячы на надзвычайныя ўмовы служэння, святары дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку застаюцца энтузіястамі, актыўнымі місіянерамі, не трацяць надзеі і стараюцца па меры сваіх магчымасцяў весці людзей да спаткання з Богам, што з’яўляецца прыкладам для пераймання».
Рэкалекцыі сталі для заслужанага іерарха нагодай сустрэцца са святарамі, з якімі яму давялося адраджаць Касцёл у Расіі ў 1991–2007 гадах, дзе ён тады нёс пастырскае служэнне.
«Пасеянае ў тыя часы зерне Евангелля дае свае ўсходы, і малы па колькасці вернікаў Касцёл у Расіі адыгрывае ўсё большае значэнне ў духоўнай фармацыі расійскага грамадства», — лічыць арцыпастыр.
3 верасня арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў кармэліцкі кляштар ва Усоллі Сібірскім пад Іркуцкам, які быў створаны ў 90-я гады мінулага стагоддзя.
Чатыры кляўзуровыя сястры кармэліткі прысвячаюць сваё жыццё малітве ў цэнтры Сібіры, у горадзе, куды ў царскія часы быў сасланы кармэліт святы Рафал Каліноўскі.
У першую суботу месяца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у капліцы кляштара святую Імшу, пасля якой выступіў перад сёстрамі з канферэнцыяй на тэму адраджэння іерахічных структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі, Беларусі і Сярэдняй Азіі.
4 верасня арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў Іркуцкай катэдры Найсвяцейшага Сэрца Марыі з нагоды 22-й гадавіны пасвячэння гэтага касцёла і пятаай гадавіны каранацыі папскімі каронамі, устаноўленай у гэтай святыні фігуры Божай Маці Фацімскай.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх заклікаў прысутных, «каб у складаны час нашай гісторыі даверылі сябе Марыі, якая не пакіне без дапамогі, выпрасіць ласку навяртання і будзе праводнаю зоркаю на шляху да духоўнай дасканаласці з мэтай будаваць цывілізацыю міру і жыцця».
Прапануем вашай увазе фотарэпартаж Наталлі Ганчарэнка з урачыстасці ў Іркуцку.