Пошук

25.05.2022 11:41   Паводле: chiesacattolica.it / Catholic.by
Кардынал Матэо Дзуппі. Фота: chiesacattolica.it

24 мая Папа Францішак менаваў кардынала Матэо Марыю Дзуппі, арцыбіскупа Балонскага, Старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Раніцай 24 мая італьянскія біскупы, сабраныя на 76-м агульным сходзе епіскапату, правялі галасаванне, у выніку якога былі вызначаны тры кандыдаты на вышэйшую пасаду ў Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Імёны трох кандыдатаў былі прадстаўлены Папу Францішку на аўдыенцыі, якая прайшла ў аўторак у ватыканскай зале Паўла VI. Як паведаміла прэс-служба Святога Пасаду, сустрэча італьянскіх іерархаў са Святым Айцом працягвалася каля дзвюх гадзін.

Канферэнцыя Біскупаў Італіі з’яўляецца адной з найбольшых у свеце і складаецца з 409-і біскупаў.

76-ы агульны сход Канферэнцыі Біскупаў Італіі праходзіць з 23 па 27 мая ў гатэлі «Хілтан» у Рыме на тэму: «Слухаючы аповеды Божага народа. Першае распазнанне: якія прыярытэты ўзнікаюць для сінадальнага шляху».

Аб прызначэнні новага старшыні сабраным паведаміў у аўторак увечары 80-гадовы кардынал Гуалцьеро Басэцці, які ўзначальваў італьянскі епіскапат з 2017 года.

Кардынал Матэо Марыя Дзуппі нарадзіўся ў Рыме 11 кастрычніка 1955 года, будучы пятым з шасці дзяцей у сям’і.

У 1973 годзе, падчас навучання ў ліцыі Вірджыліё, ён пазнаёміўся з Андрэа Рыкардзі, заснавальнікам супольнасці святога Эгідыя (Sant’Egidio), і далучыўся да яе дзейнасці, скіраванай на дапамогу найбольш занядбаным.

Ва ўзросце дваццаці двух гадоў, пасля абароны дыпломнай працы па гісторыі хрысціянства ва ўніверсітэце Ла-Сапіенца, паступіў у семінарыю дыяцэзіі Палестрыны і праходзіў фармацыю да святарства ў Папскім Латэранскім ўніверсітэце, дзе атрымаў ступень бакалаўра тэалогіі.

Святарскае пасвячэнне прыняў 9 мая 1981 года, пасля чаго быў прызначаны вікарыем у рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэверэ. У 2000 годзе стаў пробашчам і заставаўся на гэтай пасадзе дзесяць гадоў. З 1983 па 2012 год ён быў таксама рэкатарам касцёла Санта-Крочэ ала Лунгара, а з 1995 па 2012 год членам святарскай рады Рымскай архідыяцэзіі. З 2005 па 2010 год быў прэфектам трэцяй прэфектуры Рыма; з 2000 па 2012 год — галоўным касцёльным асістэнтам супольнасці святога Эгідыя, ад імя якой быў пасярэднікам у Мазамбіку ў працэсе, што прывёў да міру пасля больш як сямнаццаці гадоў крывавай грамадзянскай вайны.

У 2010 годзе стаў пробашчам парафіі святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Торэ-Анджэла, што на ўсходняй ускраіне Рыма, а ў 2011 годзе быў прэфектам сямнаццатай прэфектуры Рыма. Неўзабаве пасля гэтага, 31 студзеня 2012 года, Бэнэдыкт XVI прызначыў яго тытулярным біскупам Вільяновы і дапаможным біскупам Рымскай архідыяцэзіі (для Цэнтральнага сектара). Ён абраў сваім біскупскім дэвізам словы Gaudium Domini fortitudo vestra — «Радасць Пана — вашая моц».

27 кастрычніка 2015 года Папа Францішак прызначыў яго Мітрапалітам Балонскім, а 5 кастрычніка 2019 года менаваў кардыналам. Матэо Дзуппі зяўляецца супрацоўнікам Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Адміністрацыі маёмасці Апостальскага Пасаду.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця