Пошук

29.04.2022 14:04   Паводле: kmc.media / Catholic.by
Першая Усеўкраінская пілігрымка мужчын у Гнівані, 2021 г. / Фота: Credo.pro

Ва Украіне, нягледзячы на жахлівую трагедыю вайны, якую перажывае краіна, не згасае рэлігійнае жыццё ў мясцовай супольнасці Касцёла.

У бліжэйшы час у краіне продуць два агульнанацыянальныя рэлігійныя мерапрыемствы: Усеўкраінская пілігрымка мужчын і Усеўкраінскае чуванне моладзі.

Першая падзея запланавана на 1 мая, калі ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Юзафа, рамесніка.

У гэты дзень адбудзецца Другая Усеўкраінская пілігрымка мужчын у санктуарый святога Юзафа ў горадзе Гнівань Вінніцкай вобласці.

Звяртаючыся да святароў, біскуп Камянец-Падольскай дыяцэзіі Лявон Дубраўскі OFM піша: «Гэты час вельмі важны для нашай краіны і для кожнага з нас, таму заахвочваю вас да малітвы. Прашу перадаць гэтае запрашэнне на малітву праз заступніцтва святога Юзафа ўсім мужчынам у вашых парафіях, асабліва тым, якія бяруць актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці».

У праграме нядзельнай урачыстасці ў санктуарыі ў Гнівані — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыступіць да споведзі і прыняць адмысловы шкаплер святога Юзафа. Апоўдні тут распачнецца святая Імша з працэсіяй па вуліцах горада і Ружанцовым набажэнствам. Потым удзельнікам будзе прапанавана канферэнцыя пра святога Абранніка Багародзіцы і пра паклікане быць бацькам, які нясе крыж. Мужчыны, якія жывуць верай, дадуць сведчанні пра значэнне Крыжа ў жыцці сям’і.

Усеўкраінскую ноч чування ў інтэнцыі пакліканняў у Бэрдычаве, 2021 г. / Фота: kmc.media

Як адзначаецца на партале Каталіцкага медыя-цэнтра Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне kmc.media, Касцёл глядзіць у будучыню, нягледзячы на ваенныя дзеянні. Таму Камісія па справах кансэкраванага жыцця і Салезіянская сям’я ва Украіне запрашаюць моладзь ад 16-і гадоў на Усеўкраінскую ноч чування ў інтэнцыі пакліканняў.

Гэтае начное чуванне адбудзецца ва украінскім Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Бэрдычаве ў ноч з 6 на 7 мая.

Цудадзейны абраз Маці Божай Бэрдычаўскай — адна з найбольш шанаваных як католікамі, так і праваслаўнымі святынь Палесся і ўсёй Украіны. Ікона была каранавана Папай Бэнэдыктам XIV у 1753 годзе, аднак арыгінал да нашага часу не збярогся. У 1990 годзе была створана копія цудадзейнага абраза, якую ў ліпені 1998 года каранаваў Папа Ян Павел ІІ.

З таго часу бэрдычаўскі санктуарый з’яўляецца галоўным месцам Марыйнага культу для рыма-католікаў Украіны.

Ілюстрацыйнае фота: kmc.media

 

Абноўлена 29.04.2022 14:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця