Сусветным дням моладзі ў Лісабоне па традыцыі будуць папярэднічаць Дні моладзі ў дыяцэзіях. Яны пройдуць з 26 па 31 ліпеня 2023 года.
Як са спасылкай на арганізацыйны камітэт моладзевага форума паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на працягу гэтага тыдня пілігрымы змогуць лепш пазнаёміцца з мясцовым Касцёлам і правесці час з жыхарамі Партугаліі напярэдадні галоўных падзей Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у сталіцы краіны Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года. Маладых удзельнікаў з усяго свету рыхтуюцца прыняць сямнаццаць партугальскіх дыяцэзій: Алгарвэ, Ангра, Авэйру, Бежа, Брага, Браганса-Міранда, Каімбра, Эвара, Фуншал, Гуарда, Ламегу, Лейрыя-Фаціма, Парталегрэ-Каштэлу Бранку, Порту, Віяна-ду-Каштэлу, Вільярэаль, Візэў.
Пасля самастойнага выбару дыяцэзіі і папярэдняй рэгістрацыі, пілігрымы будуць запрошаны ўзяць удзел у духоўнай і культурнай праграме, падрыхтаванай кожнай дыяцэзіяй.
Большасць з маладых вернікаў з розных частак свету прымуць партугальскія сем’і, што таксама з’яўляецца важным і каштоўным элементам гэтага этапу СДМ.
Упершыню Дыяцэзіяльныя дні, якія папярэднічаюць сустрэчы моладзі з усяго свету са Святым Айцом, былі арганізаваныя ў 1997, калі СДМ адбываліся ў Парыжы.