Пошук

29.03.2022 14:34   Фота: Вольга Дубягіна / Catholic.by

23 і 24 сакавіка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч браў удзел у адзначэнні срэбнага юбілею святарства ксяндза Вадзіма Шайкевіча, які стаў першым расійскім святаром, пасвячаным пасля адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі.

25 гадоў таму арцыпастыр, які ў той час узначальваў Апостальскую адміністратуру для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі, удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне. Яно адбывалася ў маскоўскай катэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая тады знаходзілася ў працэсе аднаўлення пасля многіх гадоў неадпаведнага выкарыстання забранай у вернікаў святыні.

Цяпер, калі катэдра ў Маскве зноў ззяе хараством сапраўднага Божага дома, арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў у ёй цэлебрацыю святой Імшы з нагоды срэбнага юбілею святарства ксяндза Вадзіма Шайкевіча.

У Эўхарыстыі, якая адбывалася 23 сакавіка, бралі ўдзелт шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі. Напачатку заслужаны іерарх нагадаў прысутным асноўныя факты біяграфіі першага пасвячанага ім расійскага святара.

Ксёндз Вадзім Шайкевіч нарадзіўся ў сям’і маскоўскіх інтэлігентаў. Ён скончыў філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці класічныя мовы: лацінская і грэчаская. Святарскую фармацыю праходзіў у Вроцлаўскай духоўнай семінарыі.

Як прэзбітэр працаваў канцлерам Маскоўскай курыі, вучыўся ў Папскім Грыгарыянскім універсытэце, потым нёс святарскае служэнне ў парафіях у Калінінградзе, Іванаве і Санкт-Пецярбургу, цяпер з’яўляецца пробашчам парафіі святога Станіслава ў горадзе на Няве.

Паліглот, валодае расійскай, беларускай, польскай, італьянскай, ангглійскай, іспанскай, французскай, лацінскай, грэчаскай. Арцыбіскуп прыгадаў, што падчас пасвячэння ксёндз Вадзім прамовіў да сваіх універсітэцкіх аднакурснікаў на грэчаскай мове.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў значэнне святара ў справе збаўлення чалавека праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраванне давераным яму Божым народам. Заслужаны іерарх нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI аб тым, што без святара Касцёл не можа рэалізаваць сябе ва ўсёй паўнаце.

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп звярнуў на ролю святара ў адражэнні веры ў Расіі пасля трох пакаленняў ганенняў.

«Там, дзе з’яўляўся святар, парафіяльная супольнасць адраджалася, умацоўвалася і станавілася дынамічнай, нягледзячы на тое, што ваяўнічы атэізм пакінуў пасля сябе духоўную пустыню», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

Ён пажадаў святару-юбіляру смела рэалізоўваць сваё пакліканне ў наш складаны час, калі Бога выпіхваюць на перыферыю жыцця, каб вярнуць Яму належнае месца.

«Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня і вырашэнне надзённых праблем, што немагчыма без грунтоўнага маральнага фундамента», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля Імшы вернікі павіншавалі ксяндза Вадзіма і пажадалі яму Божага благаслаўлення ў далейшым святарскім служэнні.

 

На наступны дзень, увечары 24 сакавіка, урачыстая святая Імша з нагоды срэбнага юбілею святарства адбылася ў санкт-пецярбуржскай парафіі святога Станіслава, дзе ксёндз Вадзім Шайкевіч з’яўляецца пробашчам.

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю. У прамоўленым Божым слове ён падкрэсліў значэнне святарства ў Божым плане збаўлення.

«Распачаты ў Касцёле сінадальны працэс заклікае да больш актыўнага ўдзелу свецкіх у яго жыцці.

Аднак ніхто не заменіць святара, бо толькі ён можа цэлебраваць сакрамэнты як бачныя знакі нябачнай Божай ласкі, якая патрэбна для збаўлення», — адзначыў арцыпастыр.

У вігілію ўрачыстасці Звеставання арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў юбіляру, які заслужана лічыцца адным з найбольш папулярных прапаведнікаў, і надалей «з моцаю абвяшчаць Божае слова, быць „анёлам“, які звястуе людзям XXI стагоддзя заўсёды жывое і актуальнае Божае слова, здольнае перамяніць лёсы чалавека і свету і дапамагчы вырашаць надзённыя праблемы».

 

 

Абноўлена 29.03.2022 14:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.