Пошук

25.02.2022 17:58   Catholic.by
Фота: sib-catholic.ru

24 лютага Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Расіі выступіла са Зваротам адносна ўзброенага супрацьстаяння паміж Расіяй і Украінай.

Зварот быў апублікаваны на сайце расійскага каталіцкага епіскапату catholic-russia.ru.

Звяртаючыся да вернікаў і духавенства, іерархі Каталіцкага Касцёла ў Расійскай Федэрацыі выказалі сваё глыбокае ўзрушэнне тым, што, «нягледзячы на ўсе намаганні па прымірэнні, палітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай перайшоў ва ўзброенае супрацьстаянне», якое «нясе смерць і разбурэнне і пагражае бяспецы ўсяго свету».

«Народы нашых краін аб’ядноўвае не толькі агульная гісторыя, але і агульныя вялікія пакуты, што абрынуліся на нас у мінулым з-за шаленства вайны.

Нашыя народы заслугоўваюць міру, і не толькі як адсутнасці вайны, але такога міру, які заключаецца ў цвёрдай рашучасці паважаць іншых людзей, іншыя народы і іх годнасць. Няхай нашыя сучаснікі ведаюць, што ім давядзецца даць адказ за ўчыненыя імі ваенныя дзеянні. Гэта ад іх сённяшніх рашэнняў шмат у чым залежыць хада наступных стагоддзяў», — падкрэслілі каталіцкія біскупы Расіі.

Іерархі заклікалі ўсіх палітычных дзеячаў, ад якіх залежыць гэтае рашэнне, зрабіць усё для спынення канфлікту. Следам за Папам Францішкам біскупы звярнуліся да ўсіх людзей, асабліва да братоў хрысціянаў, з заклікам супрацьстаяць ілжы і нянавісці і быць крыніцай паяднання, а не павелічэння нянавісці і насілля.

Каталіцкія біскупы Расіі просяць усіх вернікаў прысвяціць гэтыя дні руплівай малітве і посту дзеля збаўлення чалавечых жыццяў, а духавенства — цэлебраваць святую Імшу аб захаванні міру і справядлівасці.

Зварот падпісалі арцыбіскуп Павел Пэццы, Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі, біскуп Юзаф Верт, ардынарый дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску, біскуп Клеменс Пікель, ардынарый дыяцэзіі святога Клімэнта ў Саратаве, біскуп Кірыл Клімовіч, ардынарый дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку, а таксама біскуп Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Абноўлена 08.03.2022 15:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.