Пошук

28.01.2022 18:49   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ян Павел ІІ з Ежы Клюгерам. Фота: Issac Harari / AFP / Getty Images

Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, што адзначаецца 27 студзеня, у Італіі выйшла ў свет кніга пад назваю «Сябры Лёлека», у якой апавядаецца гісторыя кранальнага сяброўства трох габрэйскіх дзяцей з польскіх Вадавіцаў і Лёлека Вайтылы, які стаў Папам Янам Паўлам ІІ.

Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, аўтар кнігі Джан-Франко Свідэркоскі зазначае, што ў яго творы ідзе гаворка не толькі пра выключнае сяброўства Ежы Клюгера, Курта Розэнберга і Эвы, чыё прозвішча засталося невядомым, і Караля (скароч. Лёлека) Вайтылы, але таксама пра бурны перыяд гісторыі Еўропы, на які прыпала дзяцінства і маладосць чатырох сяброў.

У кнізе, што налічвае 140 старонак, Свідэркоскі апісвае не толькі драму Другой сусветнай вайны, якая адбілася на лёсе сяброў, змяніўшы іх жыццёвыя планы, але і рэпрэсіі камуністычных часоў, савецкія лагеры ажно да сённяшняй гібрыднай вайны, якую можна лічыць трэцяй сусветнай.

Аўтар меў намер перадусім падкрэсліць моц повязяў сяброўства, якія не змаглі разарваць нават балючыя гістарычныя падзеі. Ён піша пра іх незвычайную сустрэчу, калі праз шмат гадоў усе ўбачыліся ў Ерузалеме.

«У час, калі насілле і нецярпімасць так гвалтоўна ўрываюцца ў жыццё людзей, народаў і краін, трэба нанава адкрыць сімвалічную сілу братэрства, прыкладам чаго з’яўляецца жыццё сяброў з Вадавіцаў», — адзначае Свідэркоскі.

Ён таксама з’яўляецца аўтарам бэстсэллера «Ліст да сябра габрэя», дзякуючы якому свет даведаўся пра гісторыю Яна Паўла ІІ і яго габрэйскага сябра Ежы Клюгера. Абодва творы паказваюць людзей, атмасферу і месцы, якія ў маладосці фармавалі асобу Караля Вайтылы, асабліва яго адчувальнасць да кожнага праяву расавай нянавісці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа