Пошук

10.01.2022 09:09   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: avvenire.it

Усё больш і больш краін далучаюцца да малітвы аб вызваленні свету ад пандэміі, якую прапанавалі аўстрыйскія вернікі.

Як паведаміла 9 студзеня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ініцыятыва «Еўропа моліцца» запрашае людзей раз на тыдзень збірацца на супольную малітву, асабліва ружанцовую, на вуліцах, плошчах і ў касцёлах.

Цяпер у нямецкамоўных краінах існуе каля 700 месцаў, дзе хрысціяне розных канфесій моляцца аб спыненні пандэміі, аб пераадоленні падзелаў у грамадстве і аб навяртанні.

Як паведаміў Роланд Ноэ, дырэктар аўстрыйскага агенцтва kath.net, якое з’яўляецца галоўным натхняльнікам малітвы, яе ідэя распаўсюджваецца з берагоў Дуная на іншыя еўрапейскія краіны. У апошнія тыдні да яе далучыліся італьянцы, іспанцы, французы, швейцарцы, немцы, славенцы і палякі. На думку журналіста, людзей мабілізавалі новыя санітарныя абмежаванні, якія ў апошнія тыдні ўвялі ўрады многіх краін у сувязі з хуткім распаўсюджваннем штама омікрон.

З ініцыятывай вялікай малітвы на ружанцы аб спыненні пандэміі выступіў у лістападзе 2021 года зальцбуржскі святар Ігнац Штайнвэндэр, які крытыкуе выключэнне непрышчэпленых з грамадства. Ён нагадаў, што сучасны чалавек не бярэ пад увагу Бога і забыўся пра сілу малітвы.

Ініцыятыва таксама звязана з Аляксандрам Чугелем, заснавальнікам Інстытута святога Баніфацыя, аўстрыйскага аналітычнага цэнтра, які абараняе каталіцкую веру і з’яўляецца натхняльнікам ружанцовых працэсій з самага пачатку пандэміі.

Ён звяртае ўвагу на тое, што ў вырашэнні любых сусветных праблем хрысціянам патрэбная Божая дапамога, і Марыя з’яўляецца магутнай памочніцай на гэтым шляху.

Адсюль і заклік да малітвы на ружанцы ў інтэнцыі спынення пандэміі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.