24 жніўня, калі ва Украіне святкуецца 30-годдзе незалежнасці краіны, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны Арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук звярнуўся да суайчыннікаў са словамі віншавання.
У пяціхвілінным відэазвароце, апублікаваным дэпартаментам інфармацыі УГКЦ, іерарх падкрэсліў, што Украіна будзе такой, якой будуць украінцы, і што ад іх саміх залежыць, якою яны пабудуюць сваю свабодную краіну.
«Гэта асаблівае свята; яго чакалі цэлыя пакаленні нашых папярэднікаў. Гэтае свята закаранёнае ў тысячагадовай гісторыі дзяржаўнасці тут, на кіеўскіх пагорках», — адзначыў Першавярхоўны Арцыбіскуп.
Духоўны лідар украінскіх грэка-католікаў нагадаў, што ўкраінская дзяржава сваімі каранямі сягае яшчэ Кіеўскай Русі-Украіны.
«Шмат разоў у нас яе забіралі.
Шмат разоў у гісторыі нам даводзілася жыць на сваёй зямлі, але ў чужых дзяржавах», — дадаў іерарх.
«Цэлыя пакаленні стагоддзямі намагаліся здабыць сваю дзяржаўную незалежнасць. І менавіта нам Пан Бог падараваў ласку жыць плёнам змаганняў нашых вялікіх папярэднікаў. Менавіта мы сёння становімся ўдзельнікамі і прадаўжальнікамі тых нацыянальна-вызваленчых змаганняў. Менавіта нам Пан Бог даў вялікі дар, ласку жыць, будаваць, умацоўваць і абараняць вольную і незалежную Украіну. Шчыра віншую вас з гэтым вялікім, святым для кожнага з нас святам!» — сказаў арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук.
«Калі мы молімся, то атрымліваем ад Бога дар станавіцца лепшымі, змяняцца, і такім чынам змяняць нашу краіну. Вялікі Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі казаў, што ключ да перамянення Украіны ляжыць у ёй самой.
Менавіта праз адносіны з Богам мы можам гэты ключ адшукаць, а потым правільна адчыніць ім светлую, радасную будучыню», — падкрэсліў кіраўнік УГКЦ, заахвоціўшы суайчыннікаў да працы там, куды іх кліча Бог.