Папа Францішак павіншаваў айца Массімо Фузарэлі OFM, які 13 ліпеня быў абраны новым Генеральным настаяцелем Ордэна меншых братоў францішканаў.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у скіраванай новаабранаму настаяцелю тэлеграме Святы Айцец запэўніў яго ў сваім благаслаўленні і малітве аб тым, каб Бог спадарожнічаў яму ў ягоным служэнні.
«Няхай сэрафіцкі Айцец святы Францішак умацуе цябе ў кіраванні тваімі братамі», — пажадаў айцу Массімо Фузарэлі OFM Папа Францішак.
Выбары 121-а наступніка святога Францішка Асізскага адбыліся на Генеральным капітуле Ордэна меншых братоў францішканаў, які праходзіць у гэтыя дні ў Рыме. Айцец Массімо Фузарэлі OFM змяніў на пасадзе Генеральнага настаяцеля амерыканскага францішканіна айца Майкла Пэры OFM, які кіраваў францішканскай супольнасцю на працягу апошніх шасці гадоў.
Айцец Массімо Фузарэлі OFM, які да абрання на вышэйшую пасаду ў ордэне быў настаяцелем францішканскай правінцыі святога Бонавэнтуры ў Лацыё і Абруццо, нарадзіўся ў Рыме 30 сакавіка 1963 года, а францішканскі манаскі строй упершыню апрануў у 1982 годзе. У 1983 годзе прынёс першыя манаскія абяцанні, у 1989 — вечныя. 30 верасня 1989 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Вывучаў тэалогію ў Антаніянскім універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята ў галіне патрыстыкі.
Займаў розныя пасады ў ордэне Меншых братоў францішканаў, у апошні час яго служэнне было звязана з клопатам пра бедных.