Пошук

06.05.2021 13:58   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Постар сустрэчы / ekai.pl

Найбуйнейшы агульнапольскі моладзевы форум у Ледніцы, сёлета ўжо юбілейны — ХХV,  як і ў мінулым годзе, пройдзе ў анлайн-фармаце 5 чэрвеня.

Сёлетняя сустрэча пройдзе пад дэвізам «Пачуй!».

«Гэта запрашэнне прыслухоўвацца перш за ўсё да голасу Бога, але і да сябе таксама, што сёння, калі ў свеце пануе паўсюдны хаос, усё складаней», — адзначыла ў размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам КАІ намеснік каардынатара сустрэчы Анна Каўчар.

Яна нагадала, што для таго, каб навучыцца слухаць Бога і іншых, трэба «выйсці на пустыню», як называе гэтую прастору слухання Біблія.

«Асобаю, якая будзе спадарожнічаць моладзі падчас сёлетняга мерапрыемства, стане святы Ян Хрысціцель — настаўнік цішыні і прарок прастаты.З яго дапамогай мы хочам адкрываць прастору веры, якая перажываецца як індывідуальна, так і ў супольнасці Касцёла і ў адносінах з іншымі людзьмі», — патлумачыла Анна Каўчар.

Асновай разважанняў да юбілейнай сустрэчы стануць евангельскія тэксты пра асобу гэтага прарока.

Арганізатары падрыхтавалі Літанію выйсця на пустыню — адмысловую малітву, натхнёную дзейнасцю святога Яна Хрысціцеля, заклікамі якой удзельнікі форуму будуць маліцца, каб моладзь была здольная чуць голас Бога і прымаць Яго заклік.

Праграма агульнапольскай моладзевай сустрэчы будзе ўключаць таксама малітву за Касцёл, якую правядуць тры прадстаўнікі супольнасці Касцёла: свецкі вернік, кансэкраваная асоба і святар.

На тэрыторыі Ледніцкага парка будуць арганізаваныя спевы і танцы. Для ўдзельнікаў анлайн-форуму таксама будзе падрыхтавана балетная інсцэніроўка «Сустрэча з голасам».

Арганізатары адзначаюць, што пасля заканчэння пандэміі, выкліканай вірусам Covid-19, на тэрыторыі Ледніцкага ландшафтнага парка адновяцца рэгулярныя сустрэчы і будуць рэалізаваныя новыя праекты і ініцыятывы.

Трансляцыя XXV Сустрэча моладзі ў Ледніцы будзе арганізавана на канале YouTube Lednicy.

Моладзевы форум у Ледніцы — адзін з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе штогадовы фестываль каталіцкай моладзі, які збірае больш за 60 тысяч удзельнікаў. Максімальная колькасць удзельнікаў налічвалася ў 2004 годзе — каля 160 тысяч чалавек. У 2018 годзе агульнапольскую сустрэчу каталіцкай моладзі ў Ледніцы наведаў Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа