Каталіцкія біскупы Японіі звярнуліся да ўраду краіны з заклікам устрымацца ад будаўніцтва новай вайсковай базы ЗША на востраве Акінава.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ са спасылкай на партал Vatican News, 76 гадоў таму на гэтым найбуйнейшым востраве рэгіёна былі пахаваны парэшткі шматлікіх ахвяр бітвы за Акінаву ў часы Другой сусветнай вайны.
«Будаванне ў гэтым месцы вайсковай базы супярэчыць годнасці чалавека, а таксама святасці чалавечага цела»,— адзначаецца ў заяве Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Японіі. Акрамя гэтага, іерархі нагадалі пра шматгадовыя намаганні валанцёраў ідэнтыфікаваць ахвяраў бітвы і захаваць іх парэшткі так, каб перадаць сем’ям.
«Парэшткі ўсіх, хто страціў жыццё ў бітве за Акінаву, з’яўляюцца перасцярогай і знакам надзеі на мір», — падкрэсліваюць у звароце біскупы.
Бітва за Акінаву (вядомая як Аперацыя Айсберг па захопу японскага вострава Акінава войскамі ЗША пры падтрымцы амерыканскага і брытанскага флоту) распачалася 3 красавіка 1945 года і завяршылася 16 чэрвеня таго ж года перамогай амерыканскіх войскаў. Сярод загінулых — 12 тысяч амерыканскіх салдат і 130 тысяч японскіх.
З 1972 года на Акінаве размяшчаюцца амерыканскія войскі на 32 вайсковых базах, якія сумарна займаюць амаль 20% тэрыторыі вострава.