«Украіна мае надзею на візіт Папы Францішка», — сцвердзіў у размове з Папскім дабрачынным фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.
Іерарх адзначыў, што напрыканцы сакавіка прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль падчас свайго візіту ў Ватыкан запрасіў Папу Францішка здзейсніць візіт ва Украіну. Пра гэта паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук выказаў таксама занепакоенасць з прычыны размяшчэння расійскіх войскаў на мяжы з Украінай, асабліва ў перадвелікодны перыяд для ўсходніх Цэркваў.
«Больш за ўсё мы баімся, што можа дайсці да эскалацыі насілля на ўсходняй мяжы нашай краіны. Я прыхільнік дыялогу, бо дзякуючы яму мы можам вылечыць раны, а мір пераможа вайну»,— сцвердзіў украінскі іерарх.
Арцыбіскуп Шаўчук нагадаў таксама пра няпростыя ўмовы жыцця на ўсходзе Украіны з прычыны пандэміі.
«Наш галоўны клопат — гуманітарная сітуацыя ў той частцы Украіны, — дадаў іерарх. — Людзі ізаляваныя, пра іх забыліся, яны не маюць доступу да лекаў. Святары і парафіяльныя супольнасці з’яўляюцца для іх адзіным паратункам. Гэта адзіная для іх магчымасць атрымаць нейкую форму падтрымкі ці дапамогі. Таму мы вырашылі застацца з нашымі вернікамі. А нашыя святары выконваюць там вялізную працу», — падкрэсліў кіраўнік УГКЦ.