У панядзелак 26 красавіка ў маскоўскім францішканскім кляштары Меншых Братоў Канвентуальных адбылося адмысловае набажэнства, удзельнікі якога памаліліся за ўсіх загінулых і пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС, а таксама аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
У памяць аб гэтай трагічнай падзеі, якая адбылася 35 гадоў таму, на супольную малітву сабраліся католікі Маскоўскага рэгіёна і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў айцец Дарыюш Харасімовіч OFMConv, кусташ Расійскай кустодыі Меншых Братоў Канвентуальных. Разам з ім служылі айцец Пётр Карнялюк OFMConv і протаархімандрыт айцец Петрас Есаян, пробашч армяна-каталіцкай парафіі святога Рыгора Асветніка.
Акрамя малітвы аб пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы, удзельнікі набажэнства скіравалі да Бога просьбы аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Божае слова на святой Імшы прамовіў айцец Петрас Есаян, які паходзіць з Беларусі і выдатна валодае беларускай мовай.
Святар запрасіў кожнага знайсці Бога побач і намагацца захаваць Яго ў табэрнакулюме сваёй душы.
«Паспрабуйце ўбачыць Хрыста ў кожным чалавеку навокал: у транспарце па дарозе на працу, у суседзях. Паспрабуйце пакінуць Яго ў сабе. Як Хрыстус знаходзіцца ў табэрнакулюме ў капліцы, няхай ён таксама застанецца ўнутры кожнага з нас», — заахвоціў удзельнікаў набажэнства протаархімандрыт айцец Петрас.
На заканчэнне набажэнства была ўзнесена малітва за бязвінна асуджаных і цяжка хворых праз заступніцтва Слугі Божага Фёдара Пятровіча Гааза, славутага маскоўскага доктара, які адышоў у вечнасць у арэоле святасці, і цяпер вядзецца яго беатыфікацыйны працэс.
«Ойча Нябесны, праз заступніцтва слугі Твайго Фёдара Гааза, святога доктара і заступніка зняволеных, дай аздараўленне цяжка хворым, справядлівасць нявінным, міласэрнасць вінаватым, мудрасць і мужнасць тым, хто судзіць, чалавечнасць тым, хто карае, памяць пра Хрыста пастырам, а ўсім — руплівасць у здзяйсненні дабра. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн».
Завяршылася супольная малітва беларускім рэлігійным гімнам-малітваю «Магутны Божа».