Пошук

21.04.2021 11:51   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Вольгі Хруль / Сathmos.ru

На мінулым тыдні ў расійскіх каталіцкіх дыяцэзіях адбыліся ўрачыстыя цэлебрацыі і малітвы падзякі з нагоды 30-й гадавіны аднаўлення касцёльных структур у Расіі.

13 мая 1991 года Папа святы Ян Павел ІІ абнародаваў дзве Апостальскія канстытуцыі Moscoviensis Latinorum і Novosibirskensis Latinorum, якімі ўстанавіў Маскоўскую і Навасібірскую Апостальскія адміністратуры — першыя пасля распаду Савецкага Саюзу каталіцкія касцёльныя структуры ў Расійскай Федэрацыі. Першым Апостальскім адміністратарам у Маскве тады ж быў прызначаны наш суайчыннік, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а ў Навасібірску — біскуп Іосіф Верт SI.

З нагоды 30-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі ў Маскве і Навасібірску прайшлі ўрачыстыя цэлебрацыі з удзелам іерархаў.

У адноўленым намаганнямі маскоўскіх католікаў і іх шматгадовага арцыпастыра Тадэвуша Кандрусевіча катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі сённяшні пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы звярнуўся да вернікаў з казаннем, у якім асабліва падкрэсліў каштоўнасць адзінства ўсіх ахрышчаных. Яго словы перадае сайт архідыяцэзіі Сathmos.ru.

«Адзінства з’яўляецца самым пажаданым цудам. Менавіта гэты цуд адзінства — самае каштоўнае, што мы атрымалі 30 гадоў таму. Таму адзіны спосаб святкаваць гэтую гадавіну — быць удзячнымі Богу перадусім за нашую прысутнасць разам; за тое, што мой брат і сястра поплеч са мною ў супольнасці Касцёла. Без удзячнасці, якая паходзіць з веры, насамрэч немагчыма па-сапраўднаму адзначыць гэтую гадавіну», — сцвердзіў арцыпастыр.

Азіраючыся на мінулыя 30 гадоў, ён дадаў:

«Самае станоўчае на працягу гэтых 30-і гадоў — гэта ўсе тыя ахвяры, якія шматлікія вернікі прыносілі Богу дзеля адзінства нашага Касцёла, дзеля еднасці. У той час, як самы цяжкі грэх супраць адзінства — гэта тая нянавіць, якую мы можам зхатаіць у нашым сэрцы, таму што ўсё ідзе не так, як мы б хацелі. Але гэта міласэрная задума Бога, які з усяго можа ствараць штосьці новае. Ён, які з камянёў можа стварыць дзяцей Божых, можа таксама падараваць нам усведамленне гэтага дару і жаданне ахвяраваць дзеля яго», — сцвердзіў арцыбіскуп Паоло Пэццы.

Фота: tvkana.com

У Навасібірску адмысловыя цэлебрацыі ў 30-ю гадавіну аднаўлення касцёльных структур у Расіі адбыліся 13 і 18 красавіка з удзелам пастыра мясцовай дыяцэзіі Перамянення Пана біскупа Іосіфа Верта SI. У прамоўленай на ўрачыстай святой Імшы гаміліі навасібірскі іерарх заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за дар свабоды веравызнання.

Цэлебрацыя завяршылася малітваю падзякі з нагоды гадавіны атрымання рэлігійнай свабоды.

Як паведамляе sib-catholic.ru, усерасійскае святкаванне 30-й гадавіны аднаўлення касцёльных структур у краіне запланавана на 16 і 17 кастрычніка ў Навасібірску.

Абноўлена 21.04.2021 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа