Пошук

13.04.2021 09:06   Паводле: Gośc Niedzielny / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Стоп-кадр з трансляцыі на Youtube

10 красавіка стала вядома, што платформа YouTube заблакавала на тыдзень трансляцыю адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту з Непакалянава ў Польшчы, якую ладзіць тэлебачанне ETWN Polska. Пытанне ўдалося вырашыць за некалькі дзён.

Спрэчнае рашэнне платформы YouTube пракаментаваў польскаму выданню Gośc Niedzielny ксёндз Пётр Віснёўскі, дырэктар ETWN Polska.

«Як відаць, мы не ўпісаліся ў не надта канкэртныя стандарты карпарацыі, якія нехта вызначыў. Безумоўна, я падаў пратэст. Для мяне гэта было вельмі нечакана, бо мы пільна клапоцімся пра якасць нашага кантэнту. Мяне шакавала, што менавіта адарацыя была выключана. Гэта ж быў паказ статычнай карцінкі, зусім нават не тэлевізійнай, дзе рух ствараюць толькі полымя свечак і людзі, якія ўваходзяць на малітву. Няма музыкі, толькі цішыня. Да чаго тут можна дачапіцца?» — адзначыў эмацыйна ксёндз Пётр Віснёўскі.

Святар звярнуў увагу на загадкавую заўвагу, якую канал ETWN Polska атрымаў ад YouTube: трансляцыя была заблакавана з прычыны парушэння community guidelines, калі тлумачыць літаральна — дырэктываў суполкі.

«Мне вельмі прыкра, бо гэтай адарацыяй карысталася мноства людзей ва ўсім свеце. Мы фіксавалі каля мільёна ўваходаў у месяц. У сярэднім адзін чалавек глядзеў яе ажно 40 хвілін»,— адзначыў дырэктар ETWN Polska, падкрэсліўшы, што гэтая статыстыка ўражвае.

Адарацыя, як дадаў святар, была наладжана паводле бачання святога Максімільяна і ўпісалася ў бесперапынную малітву за мір.

Ксёндз Віснёўскі нагадаў таксама пра поўны адпуст за ўдзел у адарацыі, які абвясціў Святы Пасад:

«Гэта сенсацыя ХХІ стагоддзя. Кожны, хто далучыцца да гэтай трансляцыі і выканае звычайныя ўмовы для атрымання адпусту, атрымае поўны адпуст. У час пандэміі гэта набыло яшчэ большае значэнне».Дырэктар ETWN Polska дадаў, што напярэдадні Вялікадня быў таксама заблакаваны на YouTube i ў Facebook канал EWTN España. «Гэта відавочны ўдар па ўсёй структуры глабальнай каталіцкай сеткі, якую ўтварае EWTN», — сцвердзіў кіраўнік польскага філіялу EWTN.

Як стала вядома, пасля размоваў EWTN Polska з кіраўніцтвам фірмы Google на еўрапейскім узроўні, якая з’яўляецца ўладальнікам платформы YouTube, трансляцыя ў выніку была адноўлена.

Абноўлена 13.04.2021 09:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа