Пошук

18.02.2021 17:26   Паводле: KAI / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Kyodo News via Getty Images

Паводле новых прынцыпаў, якія ўвойдуць у сілу з 1 мая, Патрыятычнае таварыства кітайскіх католікаў, а таксама мясцовая Канферэнцыя біскупаў будуць выбіраць, зацвярджаць і ўдзяляць пасвячэнне новым біскупам.  Роля Папы ў гэтым працэсе ніяк не ўзгадваецца.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва КАІ, апублікаваныя ў Кітаі «Адміністрацыйныя сродкі для духавенства рэлігій» былі перакладзены выданнем Bitter Winter, якое займаецца маніторынгам рэлігійнай свабоды ў свеце, з асаблівай увагай да КНР.

Паводле пададзеных у іх прынцыпаў, Патрыятычнае таварыства кітайскіх католікаў будзе адказваць за выбар кандыдатаў у біскупы. Іх зацвярджэнне і пасвячэнне будзе ў кампетэнцыі Кітайскай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў. Пасля біскупскага пасвячэнне Патрыятычнае таварыства кітайскіх католікаў і Канферэнцыя епіскапату інфармуе пра гэта Дзяржаўную адміністрацыю па справах рэлігій.

Там ніяк не ўзгадваецца роля Папы ці Святога Пасаду, нягледзячы на заключаную ў 2018 годзе часовую дамову адносна біскупскіх намінацый, дзеянне якой у мінулым годзе было працягнута на наступныя два гады.

Хоць змест дамовы публічна не агучваўся, тым не менш можна меркаваць, што выбраных у Кітаі біскупаў Святы Пасад зацвярджае або адхіляе. За гэты час тры намінацыі былі абвешчаны на падставе дамовы, дзякуючы якой было таксама вернута адзінства епіскапату Кітая з Папам.

Ключавым пунктам новых адміністрацыйных сродкаў з’яўляецца рэгістрацыя духоўных асоб у базе даных і прапагандаванне імі каштоўнасцяў, якія прызнае Камуністычная партыя Кітая.

Паводле трэцяга артыкула, духоўныя асобы «павінны любіць айчыну, падтрымліваць кіраўніцтва Патрыятычнага таварыства кітайскіх католікаў, выступаць за сацыялістычную сістэму», а таксама «трымацца кірункаў кітаізацыі рэлігіі ў Кітаі».

Практыка кітаізацыі, якая вядзецца ў апошнія гады Старшынёй КНР Сі Дзыньпінам, на практыцы азначае кантроль уладаў над рэлігійнай дзейнасцю.

Акрамя таго, духоўныя асобы павінны дзейнічаць «у падтрымку нацыянальнага адзінства, рэлігійнай згоды і сацяльнай стабільнасці». Яны абавязаны так кіраваць людзьмі, каб тыя былі патрыётамі і законапаслухмянымі грамадзянамі. Ім нельга дзейнічаць на шкоду нацыянальнаму адзінству і падтрымліваць тэрарыстычную дзейнасць.

Зарэгістраваная духоўная асоба не мае права арганізоўваць, быць гаспадаром і нават удзельнікам незацверджанай уладамі рэлігійнай дзейнасці, якая вядзецца па-за вызначанымі імі месцамі, а таксама навучаць па-за рэлігійнымі школамі.

Яна павінна належаць да адной з падпарадкаваных дзяржаве рэлігій. Такім чынам, не можа атрымаць рэгістрацыі пастар «хатняга касцёла» ці ксёндз з «падпольнай» супольнасці. Духавенства таксама абавязана праходзіць «палітадукацыю» і «культурнае выхаванне», а яго паводзіны будуць ацэньвацца ў адпаведнасці з вызначанай сістэмай узнагарод і пакаранняў.

На ўваходах у месцы культу будзе весціся назіранне, спраўджванне асобы і рэгістрацыя.

Паводле агенцтва CNA, каля шасці мільёнаў вернікаў зарэгістравалася ў Патрыятычным таварыстве кітайскіх католікаў. Яшчэ звыш 11 мільёнаў належаць да так званых «падпольных» супольнасцяў, падпарадкаваных Святому Пасаду, але непрызнаных кітайскімі ўладамі.

Абноўлена 18.02.2021 21:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа