Пошук

28.01.2021 12:56   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: egliseduburkina.org

Вялікая колькасць пакліканняў у Буркіна-Фасо стварыла значную інфраструктурную праблему для Касцёла ў гэтай заходнеафрыканскай краіне, паколькі ахвотных служыць Богу і Касцёлу ў святарстве тут значна больш, чым месцаў у семінарыях.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, сапраўдны «бум» пакліканняў стаў прадметам сур’ёзнага разгляду на апошнім пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Буркіна-Фасо і Нігера, якая праходзіла з 11 па 15 студзеня ў сталіцы краіны Уагадугу.

Традыцыйна студзеньскае пасяджэнне епіскапату рэгіёна прысвечана фармацыі будучых святароў і духоўным семінарыям.

Разам з радасцю, якую іерархі адчуваюць ад росту колькасці семінарыстаў, яны заклапочаны неабходнасцю стварэння адпаведнай інфраструктуры для іх падрыхтоўкі да святарства.

У краіне адчуваецца вострая патрэба ў вучэбных памяшканнях, аўдыторыях і бібліятэках. У семінарыі святых Пятра і Паўла ва Уагадугу патрэбная новая капліца, паколькі ў той, што існуе цяпер, не змяшчаюцца ўсе семінарысты.

Акрамя таго, каталіцкія біскупы Буркіна-Фасо і Нігера на сваім пленарным пасяджэнні вырашылі нагадаць вернікам пра неабходнасць захавання належных ва ўмовах пандэміі COVID-19 санітарных мер, якія былі ўведзены яшчэ ў сакавіку мінулага года.

У той час, як у краінах Афрыкі колькасць семінарыстаў расце, у Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, яна ў апошнія гады становіцца ўсё меншай, нягледзячы на захады, скіраваныя на развіццё душпастырства пакліканняў.

Абноўлена 28.01.2021 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.