Падчас археалагічных доследаў, якія папярэднічалі працам па пашырэнні вуліцы ў горадзе Тайбэ на поўначы Ізраіля, быў знойдзены надпіс «Хрыстус народжаны з Марыі», зроблены каля 1500 гадоў таму.
Як са спасылкай на нямецкае каталіцкае агенцтва KNA 21 студзеня перадало КАІ, надпіс на грэцкай мове з’яўляецца часткай кранштэйна пры дзвярах святыні позневізантыйскага перыяду. Адкрыццё было зроблена спецыялістамі з упраўлення старажытнасцяў Ізраіля (IAA).
Камень з надпісам, зробленым напрыканцы V стагоддзя, быў умураваны ў сцяну велічнай пабудовы візантыйскага перыяду або ранняга ісламу. Падчас раскопак у будынку ізраільскія археолагі знайшлі два памяшканні, падлога ў якіх выкладзена мазаікай з геаметрычнымі ўзорамі.
Паводле эксперта па палеаграфіі Леі Дзі-Сагані з Габрэйскага ўніверсітэту ў Ерузалеме, гэты надпіс з’яўляецца прысвячэннем, якое было выбіта падчас закладання падмуркаў святыні. Поўны змест надпісу наступны:
«Хрыстус, народжаны з Марыі. Гэты твор багабойнага і пабожнага біскупа [Тэадозія] і нягоднага Т[амаша] быў збудаваны ад падмуркаў. Хто ўвойдзе, няхай за іх памоліцца».
Надпіс «Хрыстус , народжаны з Марыі», змешчаны пры ўваходзе, павінен быў ахоўваць таго, хто яго чытаў, ад зла, што, па словах Леі Дзі-Сагані, было распаўсюджаным тагачасным звычаем. Вітанне і благаслаўленне таго, хто ўваходзіць у памяшканне, сведчыць таксама пра тое, што гэта была святыня, паколькі такія вітанні не выкарыстоўваліся ў кляштарах.
Згаданы ў тэксце біскуп Тэадозій быў адным з першых мясцовых хрысціянскіх біскупаў. Гэта першы доказ існавання візантыйскай Царквы ў Тайбэ. Раней там ужо былі знойдзены рэшткі касцёла і кляштара, што належалі крыжакам.