Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аднавіў закон аб забароне фінансавання замежных праабортных арганізацый з федэральных сродкаў. Закон быў уведзены яшчэ ў 1984 годзе Рональдам Рэйганам і перыядычна адмяняўся, калі да ўлады прыходзілі дэмакраты. Апошнім разам закон быў адменены ў 2009 годзе Баракам Абамам.
Цяпер замежныя няўрадавыя арганізацыі, якія здзяйсняюць аборты або іх прапагандуюць, не будуць фінансавацца федэральнымі сродкамі.
Трамп прыняў гэтае рашэнне 23 студзеня — праз дзень пасля 44-й гадавіны легалізацыі абортаў у ЗША і за чатыры дні да штогадовага Марша за жыццё ў Вашынгтоне.
Рэспубліканцы з радасцю прынялі рашэнне Трампа. «Жыццё з’яўляецца каштоўным і святым дарам, і мы павінны рабіць усё, што ў нашай моцы, каб яго абараняць», — адзначыў Майкл Бэрджэсс, старшыня падкамітэту па справах здароўя ў Палаце прадстаўнікоў. Майкл Бэрджэсс выказаў надзею на далейшае развіццё палітыкі абароны жыцця.
Дэмакраты, у сваю чаргу, выказаліся крытычна адносна рашэння Трампа і назвалі гэта праявай «небяспечнай апантанасці».
У 2016 годзе ў бюджэце ЗША было прадбачана 607,5 мільёнаў долараў на — як гэта было пазначана — фінансаванне рэпрадуктыўнага здароўя ў свеце. Пасля рашэння Трампа гэтыя сродкі не будуць дасяжныя для арганізацый Міжнароднай федэрацыі планавання сям’і (IPPF), якая дзейнічае ў звыш 180 краінах свету.
КАІ, (VGr)