Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 года. Пра гэта абвясціў арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзьета 20 студзеня падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі.
Іерарх падкрэсліў, што пры выбары даты правядзення форуму галоўным чынам улічваліся кліматычныя асаблівасці рэгіёна — летам ў Панаме праходзіць сезон дажджоў.
«Мы добра разумеем, што ў некаторых краінах студзень — не перыяд адпачынкаў, але мы перакананы, што гэта не перашкодзіць тысячам юнакоў і дзяўчат з розных кантынентаў прыбыць у Панаму», — сказаў арцыбіскуп Улоа.
Старт арганізацыйным мерапрыемствам быў дадзены на лістападаўскай сустрэчы біскупаў Цэнтральнай Амерыкі. Панамскія біскупы плануюць прадставіць моладзі свету прыродны і жыццёвы каларыт краіны. Яны лічаць, што гэта лепшае, што можна прапанаваць гасцям.
Кажучы пра бяспеку на Сусветных днях моладзі, яны нагадалі, што Панама ўжо прайшла «невялікі тэст» з нагоды візіту сюды Прэзідэнта ЗША Барака Абамы і кіраўніка Кубы Рауля Кастра. Епіскапат лічыць, што Панама з’яўляецца выдатным месцам для правядзення моладзевага форуму, таму што гэта «зямля-мост» паміж Паўночнай і Паўднёвай Амерыкай, і, разам з тым, краіна, размешчаная «на перыферыі» кантынента.