У Італіі неўзабаве з’явіцца новы маршрут для пілігрымак, натхнёны энцыклікай Папы Францішка Laudato sì, прысвечанай ахове навакольнага асяроддзя.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, першымі пілігрымамі на ім стануць італьянскія семінарысты.
Маршрут, названы першымі словамі энцыклікі, зачэрпнутымі з духоўнай паэзіі святога Францішка Асізскага, пакліканы дапамагаць у развіцці інтэгральнай экалогіі і ў разважанні над вучэннем Папы Францішка на тэму аховы навакольнага асяроддзя не абстрактна, а канкрэтна, праз набліжэнне да прыроды і сузіранне па дарозе прыгажосці стварэння.
З ідэяй распрацоўкі такога маршруту пілігрымкі выступілі камісіі па грамадскіх справах і па душпастырстве людзей працы і турызму пры Канферэнцыі епіскапату Італіі.
Шлях пілігрымкі мае працягласць 150 км. Ён бярэ пачатак у акружанай гарамі мясцовасці Ніжняе Кастэлучча у рэгіёне Базыліката, праходзіць праз Нацыянальны парк Паліна, які з’яўляецца найбольшым запаведнікам у Італіі, а таксама праз славутую Матэру і дасягае Палікора на ўзбярэжжы Іанічнага мора. Італьянскі епіскапат рыхтуе спецыяльныя матэрыялы, якія будуць спадарожнічаць пілігрымам у дарозе. Яны пазнаёмяць іх з гісторыяй, культурай і традыцыямі месцаў, па якіх праходзіць маршрут пілігрымкі, а таксама са зместам «экалагічнай» энцыклікі Папы Францішка і дапамогуць у малітве і разважанні.
Першая афіцыйная пілігрымка па новым маршруце запланавана на бліжэйшыя канікулы. Разам з семінарыстамі ў ёй будзе ісці моладзь, якая актыўна ўдзельнічае ў евангелізацыйных праектах.