Пошук

12.10.2020 13:56   Catholic.by
Фота: AFP

У суботу 10 кастрычніка ў Асізі (Італія) прайшла цырымонія беатыфікацыі 15-гадовага падлетка Карло Акуціса, якую ўзначаліў папскі дэлегат кардынал Агостыно Валліні.

За тыдзень да беатыфікацыі цела маладога апостала Эўхарыстыі і евангелізацыі праз інтэрнэт, якое засталося непашкоджаным раскладам, было выстаўлена ў горадзе святога Францішка, дзе Карло жадаў быць пахаваным. Ён памёр ад лейкеміі ў 15 гадоў, пакінуўшы асабліва актуальны сёння прыклад імкнення да святасці ўжо ў вельмі маладым узросце.

Фота: Facebook

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якая 11 кастрычніка прайшла ў Ватыкане, папа Францішак, чые словы перадала беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, асабліва адзначыў:

«Ён не задавальняўся зручнай бяздейнасцю, але зразумеў патрэбы свайго часу, распазнаючы ў самых слабых аблічча Хрыста.

Няхай яго хрысціянскае сведчанне пакажа сучаснай моладзі, што сапраўднае шчасце можна знайсці, паставіўшы на першае месца Бога і служачы Яму ў бліжніх, асабліва апошніх».

Карло Акуціс быў звычайным падлеткам: актыўным, жыццярадасным і ў той час вельмі пабожным. Ён нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане ў італьянскай сям’і. Неўзабаве пасля нараджэння сына бацькі вярнуліся на радзіму, у Мілан. Карло рос вельмі пабожным, штодзённа ўдзельнічаў у Імшы, маліўся на ружанцы і штотыдзень спавядаўся.

Прыняўшы ў сямігадовым узросце Першую святую Камунію, хлопчык моцна палюбіў Эўхарыстыю, якую называў «аўтастрадаю ў неба». У яго біяграфіі гаворыцца, што яе частае прыманне дапамагае станавіцца «ўсё больш падобным да Езуса». Жыццялюбны падлетак быў добра вядомы ў сваёй парафіі, дзе дапамагаў катэхетам і дзейнічаў як валанцёр па дапамозе бяздомным.

Фота: carloacutis.com

Як у 1997 годзе cказала ў дадзеным CNA інтэрв’ю яго маці, «Езус быў цэнтрам яго дня». Гледзячы на яго, святары і законнікі казалі, што Пан Бог мае асаблівы план для яе сына.

«У сэрцы Карло насамрэч быў Езус, была сапраўдная чысціня… Калі вы сапраўды маеце чыстае сэрца, вы здольныя крануць сэрцы іншых», — адзначыла жанчына.

Выключна адораны ў сферы інфарматыкі і інтэрнэт-тэхналогій, ужо ў дзесяць гадоў ён пісаў алгарытмы і распрацоўваў сайты. У адзінаццацігадовым узросце Карло распачаў стварэнне ўэб-сайту, прысвечанага Эўхарыстычным цудам, якія адбываліся ў розных мясцінах свету. Гэтая праца працягвалася два з паловаю гады. У выніку падрыхтаваная ім прэзентацыя складаецца са 146 табліц. Пасля яго смерці сайт быў перакладзены на больш за дзесяць моваў (у тым ліку і на рускую) і прадстаўлены на ўсіх кантынентах як у лічбавым фармаце, так і ў форме кнігі.

@SClareOfAssisi

Калі ў 2006 годзе Карло даведаўся, што хворы на невылечную форму лейкеміі, рэшту свайго жыцця і цярпенні ён без рэшты прысвяціў Святому Айцу і Касцёлу. Ён памёр 12 кастрычніка 2006 года ў 15-гадовым узросце, і, згодна з яго воляй, быў пахаваны ў Асізі, куды раней ездзіў з бацькамі на лецішча. Беатыфікацыйны працэс Карло Акуціса быў распачаты ў 2013 годзе, праз сем гадоў пасля яго смерці.

Калі жыццярыс маладога «кібер-апостала Эўхарыстыі» быў прадстаўлены на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2013 годзе, узнікла думка, што ў будучыні ён мог бы стаць «апекуном інтэрнэту».

Прызнаны Касцёлам цуд праз заступніцтва Слугі Божага Карло Акуціса датычыцца аздараўлення бразільскага дзіцяці, якое пакутавала на прыроджаную паталогію падстраўнікавай залозы.

Абноўлена 13.10.2020 08:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа