13 верасня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з канца жніўня не можа вярнуцца на Радзіму і знаходзіцца ў вымушаным выгнанні, наведаў Літву, дзе памаліўся ў санктуарыі Маці Божай у мястэчку Шылува.
Штогод з 8 па 15 верасня ў гэтым марыйным санктуарыі адбываюцца ўрачыстасці, якія распачынаюцца ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Кожны дзень святкавання прысвечаны адмысловай тэме.
Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт па запрашэнні літоўскіх біскупаў ужо не першы раз бярэ ўдзел ва ўрачыстых набажэнствах у Шылуве. Сёлета беларускага іерарха ў санктуарый запрасіў Мітрапаліт Каўнаскі арцыбіскуп Кястуціс Кевала.
Дзень 13 верасня, калі арцыбіскуп Кандрусевіч прыязджаў у Шылуву, быў прысвечаны сям’і.
Цэлебрацыю галоўнай святой Імшы, у якой узялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, узначаліў Апостальскі нунцый у Літве, Латвіі і Эстоніі арцыбіскуп Петар Раіч. Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У Божым слове беларускі іерарх засяродзіўся на значэнні сям’і як падмурку грамадства і Богам створанага інстытуту з мэтай сумеснага жыцця, узаемнай дапамогі, нараджэння і выхавання патомства.
Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт звярнуў увагу таксама на небяспечныя паталогіі сучаснай сям’і. Паводле яго, яны вынікаюць са скажэння самой сутнасці сям’і як устаноўленага Богам адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны. Сярод такіх паталогій беларускі іерарх назваў «партнёрскія саюзы», якія ўсё часцей становяцца сурагатам здаровых сямейных адносінаў; непавагу да Божага дару жыцця і маніпуляцыю ім; аборты, якія ператвараюцца ў сапраўдны генацыд; вялікую колькасць разводаў; разрыў сувязі пакаленняў, у выніку чаго моладзь губляе вартасныя арыенціры, а таксама іншыя небяспечныя з’явы ў сферы сужэнства і сям’і.
Як сродак лячэння гэтых паталогій, ад якіх так моцна церпіць сучасная сям’я, арцыбіскуп Кандрусевіч прапанаваў навяртанне і жыццё, згоднае з Божай воляй, па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату падзякаваў літоўскім вернікам за малітвы ў інтэнцыі Беларусі. Усяму братняму літоўскаму народу, які сёлета адзначае 30-годдзе аднаўлення незалежнасці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў перадусім духоўнай свабоды, каб асноватворная клетачка грамадства, якой з’яўляецца сям’я, была крыніцаю радасці і надзеі для наступных пакаленняў.