Пошук

11.09.2020 10:40   Паводле: Сathmos.ru / Catholic.by

10 верасня на сайце рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве быў апублікаваны ліст у падтрымку яе першага іерарха арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, падпісаны ад імя каталіцкіх біскупаў Расіі кіраўніком епіскапату краіны арцыбіскупам Паўлам Пэццы.

Яго Эксцэленцыі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу
Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Умілаваны браце ў Хрысце Тадэвуш!

Вітаем цябе, пастыра Хрыстова Касцёла, якому наш Найвышэйшы Пастыр Францішак даручыў пасвіць авечак ва ўмілаванай Беларусі. Мы вітаем цябе словамі іншага Францішка — святога з Асізі: Супакой і Дабро!

Мы ведаем пра сур’ёзныя выпрабаванні і цяжкасці гэтага моманту для твайго народа і для цябе асабіста.

Мы звяртаемся да цябе з братнім прывітаннем, каб падбадзёрыць і запэўніць цябе ў нашых малітвах за цябе і за твой народ, каб супакой і дабро перамаглі і заўсёды панавалі ў сэрцах і думках усіх людзей. І тады словы святога апостала Паўла пра першых хрысціянаў у Македоніі здзейсняцца таксама і на нас, якія жывем сёння ў ХХІ стагоддзі: «У цяжкім выпрабаванні ўціскам іх вялікая радасць» (2 Кар 8, 2).

Умілаваны браце Тадэвуш, мы добра ведаем і памятаем, як на золку адраджэння Касцёла ў нашай краіне ты ў паслухмянасці прыняў арцыпастырскае служэнне ў Расіі і шмат гадоў да новага прызначэння ў Беларусь рупліва яго выконваў. Таксама і ў наступныя гады ты прымаў нашыя запрашэнні і ўдзельнічаў у нашых касцёльных святах. Мы дзякуем Богу і табе за гэтую сувязь і супольнасць у Касцёле Хрыстовым; няхай яны будуць для цябе дапамогаю і ўмацаваннем у хвіліны выпрабаванняў і смутку.

Умілаваны браце Тадэвуш, ты сёння сумуеш па Айчыне, адчуваеш боль за яе лёс, за лёс яе народа, перажываеш з-за немагчымасці выконваць сваё пастырскае служэнне.

Не бойся! Народ Божы моліцца за Беларусь. Спадзеючыся на моц малітвы, мы выказваем надзею, што з Божай ласкі ты неўзабаве вернешся дадому і працягнеш сваё пастырскае служэнне. Пра гэта мы штодзённа ўзносім просьбы да Найвышэйшага Бога.

Ад імя каталіцкіх біскупаў Расіі

✠ Арцыбіскуп Павел Пэццы
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі

г. Масква, 10 верасня 2020 г.

Абноўлена 24.09.2020 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця