Шквал крытыкі выклікаў змешчаны адной з парафій амерыканскай дыяцэзіі Сент-Пола і Мінеапаліса ў сацыяльных сетках фільм, у якім вернікам даецца інструкцыя адносна таго, як ім належыць прымаць Камунію падчас пандэміі.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, парафіянам прапануецца пасля св. Імшы браць з сабой пры выхадзе з касцёла запакаваную ў пластыкавыя пакецікі Камунію, а потым прымаць яе самастойна ў прыпаркаваных машынах.
У сувязі з гэтым многія назіральнікі адзначаюць, што выкліканыя пандэміяй санітарна-эпідэміялагічныя захады ў некаторых месцах культу пачынаюць выглядаць карыкатурна і падобныя на святатацтва.
Відэаінструктаж быў запісаны парафіяй Pax Christi (Супакой Хрыста) у горадзе Ідэн-Прэры (штат Мінесота). Пасля таго, як справа стала шырокавядомай дзякуючы блогу амерыканскага святара Джона Цульздорфа, відэа знікла з парафіяльнага сайту.
У фільме пасля напаміну пра абавязковую анлайн-регістрацыю для ўдзелу ў Імшы ў касцёле і папярэджання, што без электроннага пацвярджэння рэгістрацыі нікога не ўпусцяць у святыню, гаворыцца таксама пра важнасць мінімалізаваць магчымасць фізічнага кантакту. Таму вернікі пры выхадзе з касцёла могуць узяць кансэкраваную падчас Імшы св. Камунію ў форме «індывідуальных пакетаў», змешчаных у задняй частцы святыні.
«Вазьмі толькі адзін пакет на чалавека», — інструктуе голас за кадрам, просячы хутка і з захаваннем належнай адлегласці прайсці ў машыну і там прыняць Камунію.
З гэтай нагоды партал LifeSiteNew.com нагадаў, што ў красавіку ў адной з парафій у Швейцарыі ўжо рабілася спроба «Камуніі на вынас», дзе яе раскладалі ў спецыяльныя каробачкі. Вернікам было прапанавана ў сувязі з забаронай публічнай цэлебрацыі Імшы самастойна прымаць Камунію дома.
КАІ адзначае, што ў абодвух выпадках занепакоеныя вернікі звярнулі ўвагу на сур’ёзную рызыку таго, што часткі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якія застануцца на ўпакоўцы, пазней разам з ёю будуць проста выкінуты ў сметнік.
Разам з тым падкрэслівалася, што такая недапушчальная практыка грае на руку тым, хто жадае выкарыстаць Эўхарыстыю са злым намерам.