Паўднёваафрыканскі кардынал Уілфрыд Нап’е заявіў, што ў руху Black Lives дзейнічаюць людзі, якія пад выглядам барацьбы з расізмам фактычна папулярызуюць гендарную ідэалогію і ўсю праграму антысямейнай дзейнасці.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх, які сам зведаў расізм і змагаўся з ім, перасцярог, што гэты рух імкнецца да разбурэння цывілізацыі і культуры.
У размове з італьянскім парталам La Nuova Bussola Quotidiana кардынал падкрэсліў, што рух Black Lives Matter вельмі хутка захапілі людзі, якім важна ліквідаваць ключавыя каштоўнасці, структуры і інстытуты, якія на працягу стагоддзяў утваралі фундамент цывілізацыі і культуры.
Ён дадаў, што барацьба з расізмам гучыць як агульная мэта гэтага руху, у той час як з’яўляюцца канкрэтныя пастулаты ў падтрымку гендарнай ідэалогіі і супраць нармальнай сям’і.
Доказам гэтага кардынал назваў падтрымку, атрыманую рухам ад Planned Parenthood і іншых арганізацый, якія прапагандуюць аборты. «Жаданне зменшыць колькасць афрыканцаў — выраз расізму. Гэтак жа, як эканамічная дапамога тым арыфканскім краінам, якія падтрымліваюць саюзы асобаў аднаго полу ці аборты», — сказаў іерарх.
Адначасова ён нагадаў, што арганізацыя Black Lives Matter усё больш адкрыта выказваецца супраць традыцыйнай сям’і, адмаўляе яе ролю ў грамадстве і Божае бачанне сужэнства як саюзу мужчыны і жанчыны.