Супольнасць вернікаў завяршыла аднаўленне касцёла ў сяле Беласток у Томскай вобласці (Расія), які згарэў у 2017 годзе. З-за эпідэміі каранавірусу асвячэнне касцёла пакуль не адбылося.
Пра гэта паведаміла Рэгіянальнаму інфармацыйнаму агенцтву «Томск» арганізатар праекту па аднаўленні святыні Агнешка Канеўска.
Раней стала вядома, што ў красавіку 2017 г. у сяле Беласток згарэў касцёл, пабудаваны ў 1908 г. палякамі, якія перасяліліся ў Сібір пасля сталыпінскай рэформы.
Ён быў адным з двух драўляных касцёлаў пачатку ХХ ст., якія захаваліся ў Расіі.
Супольнасць парафіянаў абвясціла пра збор сродкаў на яго аднаўленне. Ахвяраванні прыходзілі з Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Расіі, было сабрана каля 110 тысяч еўра. Летам 2019 г. пачалося будаўніцтва.
«Усе працы па будаўніцтве святыні завяршыліся. На дадзены момант ідзе канчатковая адпрацоўка інтэр'еру. Першае набажэнства ўжо прайшло на Божае Нараджэнне ў 2019 г., калі будаўніцтва яшчэ ішло. Сёлета 13 чэрвеня, у дзень святога Антонія Падуанскага, апекуна парафіі ў Беластоку, планавалася ўрачыстае асвячэнне касцёла. Павінен быў прыехаць біскуп з Навасібірска, але ў сувязі з пандэміяй запланаванае асвячэнне пакуль адкладзена», — сказала Агнешка Канеўска.
Па яе словах, найбольш верагодна, што асвячэнне адбудзецца вясной 2021 г.
Касцёл пабудаваны з брусу, на вышках плануецца падрыхтаваць месца, дзе можна будзе пераначаваць улетку або праводзіць заняткі з дзецьмі.
«Акрамя таго, у нас ёсць у планах зрабіць каля святыні пляцоўку для дзяцей сяла Беласток, каб яны маглі бавіць там час», — дадала суразмоўца агенцтва.