
У Танзаніі, 60-мільённай краіне ва ўсходняй Афрыцы, адбываецца бум пакліканняў: у пяці семінарыях краіны ўжо не хапае месцаў для жадаючых прысвяціць сябе служэнню Богу ў святарстве.
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, у сувязі з гэтым танзанійскі епіскапат вырашыў стварыць яшчэ адну семінарыю ў дыяцэзіі Кагама, адкрыццё якой запланавана на кастрычнік.
З часу прыняцця сакрамэнту пасвячэння першымі тубыльцамі ў 1917 годзе, колькасць кандыдатаў у святарства ў Танзаніі няспынна расце, аднак у апошнія гады краіна перажывае сапраўдны росквіт пакліканняў.
Каб трапіць у семінарыю, танзанійскія юнакі павінны чакаць у чарзе, некаторыя — па некалькі гадоў.
Адсюль вынікае неабходнасць як найхутчэй пабудаваць новую семінарыю. Каб знайсці сродкі на будаўніцтва, епіскапат збірае ахвяраванні, у тым ліку за мяжой.
Танзанія — адна з найбяднейшых краін у свеце. Сёння тут нясуць служэнне каля дзвюх тысяч мясцовых святароў. Разам з замежнымі місіянерамі яны забяспечваюць душпастырскія патрэбы 15 млн католікаў, якія складаюць больш за чвэрць насельніцтва. У краіне больш за 60 працэнтаў насельніцтва складаюць хрысціяне і каля 35 працэнтаў — мусульмане.