З 16 да 24 сакавіка ў Польшчы, якая з-за пагрозы каранавіруснай інфекцыі закрыла мяжу з Беларуссю, праходзіць навэнна да святога Андрэя Баболі падчас эпідэміі. Да малітвы можна далучыцца анлайн.
Акрамя таго, распачаць малітоўную навэнну можна ў любы дзень падчас пагрозы эпідэміі.
Тэкст навэнны на польскай мове ТУТ>>>
У 1625–1629 годзе па Вільні пракаціліся некалькі небяспечных эпідэмій, якія моцна скарацілі насельніцтва нашай старадаўняй сталіцы.
Як сведчаць гістарычныя хронікі, людзі масава ўцякалі з горада, пакідаючы сваіх хворых родных і блізкіх, бездапаможных і пазбаўленых апекі, на верную смерць.
Хворыя, канаючыя і памерлыя ляжалі побач на вуліцах і ў зачыненых дамах.
У гэты цяжкі час айцец Андрэй Баболя разам з іншымі святарамі самаахвярна нёс гэтым пакінутым бездапаможным людзям духоўную падтрымку і фізічную палёгку.
Не баючыся заразіцца, адважны езуіт апекаваўся хворымі і згаладалымі людзьмі. Ён спавядаў, намашчаў, удзяляў Камунію, Віятык, дапамагаў хаваць памерлых. Шмат яго сабратоў аддалі сваё жыццё падчас тых жахлівых пошасцяў, да канца служачы сваім патрабуючым братам і сёстрам.
Традыцыя прыпісвае заступніцтву святога Андрэя Баболі ўратаванне Пінска і ваколіц ад эпідэміі ў 1709–1710 гадах.
Навэнна да святога Андрэя Баболі падчас эпідэміі адбываецца кожны дзень а 12-й гадзіне па сярэднееўрапейскім часе (у 14.00 па мінскім часе) у варшаўскім санктуарыі перад рэліквіямі святога апекуна Польшчы і Пінскай дыяцэзіі, які прыняў мучаніцкую смерць за веру пад Янавам Палескім, што непадалёк ад Пінска.
Да навэнны, якая транслюецца з Варшавы сродкамі масавай камунікацыі, можна далучыцца анлайн ТУТ>>>
Хоць мяжа паміж нашымі краінамі закрыта, аднак малітва аб’ядноўвае вернікаў ва ўсім свеце, які сутыкнуўся з небяспечнай пандэміяй.