11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, каталіцкія біскупы Азіі ў спецыяльным пасланні на Сусветны дзень хворых даручылі Багародзіцы людзей, хворых на каранавірус.
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, іерархі нагадалі, што вірус зафіксаваны ўжо ў трох дзясятках краін на розных кантынентах. Найбольш ахвяраў небяспечная інфекцыя забрала ў Кітаі.
Азіяцкія біскупы запэўнілі ў сваёй малітве аб вечным супакоі для памерлых, а таксама аб аздараўленні для хворых і заклікалі ўсіх вернікаў далучыцца да гэтай малітвы праз заступніцтвы Маці Божай — Аздараўлення хворых.
У пасланні, між іншым, сказана:
«Мы молімся, каб наша Найсвяцейшая Маці прыйшла з дапамогаю і захавала ад глабальнай эпідэміі. Мы горача просім Яе Матчынай абароны і захавання ад хуткага распаўсюджвання гэтага смяротнага вірусу. Няхай Яна напоўніць сэрцы надзеяй і адвагай, няхай працягне свае цудадзейныя далоні над хворымі, каб іх аздаравіць».
Дакумент завяршаецца словамі: «У гэтыя цяжкія хвіліны няхай наша Маці Марыя, якая стаяла пад крыжам свайго паміраючыга Сына Езуса, будзе ўмацаваннем сілы і святлом надзеі для супрацоўнікаў службы аховы здароўя, якія рызыкуюць сваім жыццём, каб уратаваць тых, хто заразіўся».