Пошук

16.01.2020 16:29   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Разбураны касцёльны будынак у горадзе Джэнджоў у правінцыі Хэнань у Кітаі. Фота: AP Photo/Ng Han Guan

15 студзеня быў апублікаваны даклад Міжнароднай хрысціянскай ініцыятывы Open Doors — «Адчыненыя дзверы» — з апошнімі дадзенымі адносна пераследу хрысціянаў за 2019 год.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, паводле дакладу, каля 260 млн вызнаўцаў Хрыста ва ўсім свеце сутыкаюцца з сур’ёзным пераследам.

«Уражвае ўсё большы кантроль і абмежаванне касцёльнага жыцця ва ўсім свеце, а таксама знішчэнне і ліквідацыя святыняў і касцёльных структур», — гаворыцца ў дакуменце, у якім падаецца спіс 50-і краін з наймацнейшым пераследам.

Паводле Open Doors, у Афрыцы і Азіі ў параўнанні з папярэднім годам пашырыўся экстрэмісцкі ваяўнічы ісламізм. З мэтаю абмежавання свабоды веравызнання ў многіх краінах, напрыклад, у Кітаі, уводзіцца татальны лічбавы кантроль грамадзянаў.

У дакладзе гаворыцца, што ў даследаваных краінах з 1 лістапада 2018 г. да 31 кастрычніка 2019 г. было атакавана, знішчана або зачынена каля 9,5 тыс. святыняў і касцёльных структур, а годам раней гэты паказчык дасягаў лічбы 1850.

Такое сур’ёзнае павелічэнне лічбы даследчыкі звязваюць перадусім з дзеяннямі камуністычных уладаў Кітая, якія ліквідавалі каля 5,5 тыс. касцёльных аб’ектаў.

Станоўчым момантам стала памяншэнне колькасці хрысціянаў, забітых за веру. У 2019 г. з гэтай прычыны загінулі 2983 чалавекі, а годам раней — 4139.

Карта з дакладу Open Doors, на якой пазначаны краіны з найбольшым пераследам хрысціянаў
Карта з дакладу Open Doors, на якой пазначаны краіны з найбольшым пераследам хрысціянаў

Усяго ў 50-і краінах са спісу налічваецца каля пяці мільярдаў жыхароў, сярод якіх каля 640 млн складаюць хрысціяне. Паводле дадзеных арганізацыі, амаль 260 млн з іх сутыкаюцца з сур’ёзным пераследам. Гаворка ідзе як пра непасрэднае насілле, так і пра дыскрымінацыю і выключэнне з грамадскага жыцця.

«Кожны восьмы хрысціянін у свеце сутыкаецца са скрайнімі формамі пераследу, а ў Азіі — кожны трэці», — гаворыць Курт Іглер, дырэктар прадстаўніцтва Open Doors у Аўстрыі.

Першае месца ў сусветным спісе пераследу ўжо традыцыйна займае Паўночная Карэя. За ёй ідуць па парадку Афганістан, Самалі, Лівія, Пакістан, Эрытрэя, Судан, Емен, Іран і Індыя.

Як падаецца ў дакладзе, у Паўночнай Карэі пад кіраўніцтвам Кім Чэн Ына дзясяткі тысяч хрысціянаў церпяць катаванні і цяжка працуюць у працоўных канцлагерах. У Афганістане хрысціяне знаходзяцца пад пастаяннаю пагрозаю смерці, паколькі адступніцтва ад ісламу лічыцца смяротным злачынствам. У Самалі хрысціяне могуць вызнаваць сваю веру толькі падпольна, а ў Лівіі ўнутраныя канфлікты яшчэ больш абцяжарылі жыццё невялікай колькасці мясцовых хрысціянаў. Бежанцы, якія імкнуцца праз Лівію трапіць у Еўропу, церпяць ад дрэннага абыходжання і катаванняў, а таксама становяцца ахвярамі забойстваў.

У Іране жыццё хрысціянаў праходзіць пераважна ў «хатніх касцёлах», дзе вернікі сустракаюцца патаемна. Нягледзячы на гэта, яны рэгулярна становяцца аб’ектам нападаў, прычым святароў кідаюць у вязніцы і катуюць. Напярэдадні Божага Нараджэння ў 2018 годзе іранскія ўлады арыштавалі 194 хрысціяніна. З-за пераследу многія хрысціянскія канвертыты пакінулі краіну.

У Індыі і Кітаі назіраецца ўсё большы лічбавы кантроль за хрысціянамі, для якога выкарыстоўваюцца біяметрычныя тэхналогіі і камеры, змешчаныя ў месцах культу.

У Індыі было зафіксавана 440 экстрэмісцкіх нападаў на хрысціянаў, прычынаю якіх стала нянавісць да вызнаўцаў Хрыста. Улады дазваляюць экстрэмістам беспакарана нападаць на хрысціянаў і знішчаць іх маёмасць.

Нагадваючы пра поспех намаганняў міжнароднай супольнасці ў абарону пакістанскай хрысціянкі Асіі Бібі, якая была вызвалена з вязніцы, дзе чакала выканання смяротнага прысуду за нібыта «блюзнерства», Open Doors заклікае да рашучай падтрымкі пераследаваных хрысціянаў. У прыватнасці, Курт Іглер заклікае спыніць практыку дэпартацыі хрысціянскіх канвертытаў у такія краіны, як Афганістан ці Іран, паколькі там іх чакае жорсткі пераслед і нават смерць.

Даклад Open Doors публікуецца кожны год з мэтаю паказаць сітуацыю з пераследам хрысціянаў у свеце і заклікаць палітыкаў прымаць адказныя і ўзважаныя рашэнні, а таксама заахвоціць хрысціянаў маліцца за сваіх пераследаваных братоў і сясцёр. Акрамя таго, ініцыятыва падтрымлівае пераследаваных хрысціянаў у 65-і краінах.

Абноўлена 16.01.2020 16:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа