Міністр аховы здароўя Квебека (Канада) абвясціў 29 лістапада, што пачынае кансультацыю адносна дазволу эўтаназіі для людзей, якія больш не змогуць даваць прамой згоды ці якія і так памруць з-за хваробы ў больш аддаленай будучыні.
Зараз Квебек дазваляе эўтаназію для смяротна хворых дарослых жыхароў з невылечнай хваробай з непазбежнай смерцю, якія зносяць вялікія пакуты і даюць прамую згоду.
Гэты закон, які дазваляе забойства хворых або дапамогу ім у самазабойстве, быў прыняты ў Квебеку ў 2014 годзе і ўступіў у сілу ў снежні 2015 года.
Статыстыка, якая строга вядзецца адносна практычнага выканання гэтага закону, гаворыць, што паміж 10 сакавіка 2015 г. і 31 сакавіка 2018 г. у краіне было такім чынам забіта 1664 чалавекі.
Міністр аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння Квебека Дэніэл МакКан паведаміў, што будуць праведзены кансультацыі па пашырэнні ўжо існуючых крытэрыяў. Пашырэнне, якое прапануецца, дазволіць праводзіць забойства людзей з хваробй Альцгеймера і іншымі дэгенератыўнымі станамі.
На прэс-канферэнцыі, звяртаючыся да журналістаў, член квебекскага Заканадаўчага сходу Вераніка Хівон прадставіла закон аб эўтаназіі, які існуе ў правінцыі, і сказала, што тагачасныя крытэрыі былі неабходныя для яго прыняцця: «Мы не хацелі губляць кансенсус. Мы павінны былі слухаць тое, што людзі хацелі нам сказаць».
Яна дадала, што «варта пашырыць магчымасць аказання медыцынскай дапамогі паміраючым, для тых, хто не можа сам прымаць такога рашэння, таму будзе даручана трэцяй асобе дзейнічаць у адпаведнасці з пажаданнямі паміраючага пацыента».
Эўтаназія і асіставанае самазабойства былі легалізаваны на федэральным узроўні ў Канадзе ў чэрвені 2016 года.
Увядзенне гэтай практыкі прывяло да ўзнікнення мноства пытанняў з боку сем’яў пацыентаў, абаронцаў інвалідаў, групаў, якія выступаюць за захаванне жыцця, і біяэтыкаў.
Адносна заканадаўства гэтае права распаўсюджваецца толькі на псіхічна кампетэнтных дарослых канадцаў, якія маюць сур’ёзныя, незваротныя захворванні, хваробы або інваліднасць. Хоць для таго, каб мець магчымасць яго рэалізаваць, пацыент не павінен мець смяротнага стану, ён павінен адпавядаць крытэрыю, які вельмі шматзначны: «можа чакаць смерці ў бліжэйшай будучыні», натуральная смерць «прадказальная» ў «не вельмі аддаленай» будучыні або што яны «схіляюцца да смерці».
Згодна з афіцыйным сайтам Міністэрства аховы здароўя Канады Health Canada, сярод крытэрыяў прымальнасці для эўтаназіі або асіставанага самазабойства ёсць тое, што вы «маеце цяжкі і непапраўны медыцынскі стан» і «даеце інфармаваную згоду на атрыманне медыцынскай дапамогі пры смерці».
Таксама гаворыцца, што вы «павінны быць псіхічна кампетэнтныя і здольныя прымаць рашэнні як падчас вашага патрабавання, так і непасрэдна перад аказаннем медыцынскай дапамогі пры смерці».
У Міністэрстве аховы здароўя гаворыцца, што існуюць гарантыі для забеспячэння таго, каб асобы, якія звяртаюцца з просьбай аб эўтаназіі або дапамозе ў самазабойстве, «маглі самастойна прымаць рашэнні» і «запрошваць паслугі па сваёй уласнай волі».