Як паведаміла 2 снежня Каталіцкае агенцтва навін CNA, аўстралійскія каталіцкія біскупы падтрымліваюць патрэбу справаздачы аб жорсткім абыходжанні з непаўнагадовымі, але рашуча выказваюцца супраць новых нацыянальных прававых стандартаў, якія прымусілі б святароў паведамляць аб рэальным або меркаваным жорсткім абыходжанні з дзецьмі, пра якія стала вядома падчас сакраментальнай споведзі.
«Зняцце абароны па законе было б неэфектыўным, контрпрадуктыўным і несправядлівым, — кажуць яны. — Неэфектыўным, таму што зламыснікі не шукаюць прабачэння і тым больш не будуць шукаць яго, калі яны ведаюць, што аб іх злачынствах будуць праінфармаваныя адпаведныя прававыя органы», — сказаў арцыбіскуп Марк Колрыдж з Брысбена, Старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Аўстраліі, гаворыцца ў паведамленні Reuters.
«Контрпрадуктыўна, таму што, будзе страчана тая адзіная магчымасць, якую святар можа мець, каб параіць гвалтаўнікам здацца і выправіць сваё жыццё і несправядліва, таму што гэта створыць заканадаўчую сітуацыю, калі святар не зможа абараніць сябе ад абвінавачвання, высунутага супраць яго», — дадаў ён.
Генеральныя пракуроры ў Федэральным урадзе Аўстраліі і ўрадзе штатаў узгаднілі стандарты справаздачы, якія патрабуюць ад святароў зламаць святую пячатку таямніцы споведзі або парушыць абавязковыя правілы справаздачы аб злоўжываннях у дачыненні да непаўнагадовых. Акрамя таго, на падставе гэтага закона, святары не змогуць выкарыстоўваць таямніцу споведзі, каб пазбегнуць дачы паказанняў супраць трэцяй асобы ў крымінальным або грамадзянскім судовым працэсе.
Паводле новага заканадаўства, на прывілею таямніцы споведзі нельга спасылацца, каб пазбегнуць неабходнасці абароны дзяцей, а таксама крымінальнага абавязацельства паведамляць пра факты або падазрэннях жорсткага абыходжання з дзецьмі, гаворыцца ў камюніке, апублікаваным 29 лістапада пасля пасяджэння генеральных пракурораў краіны.
Варта, аднак, памятаць, што калі святары будуць прытрымлівацца гэтых новых патрабаванняў і парушаць таямніцу споведзі, яны ўчыняць смяротны грэх і будуць аўтаматычна адлучаны.
«Духоўнік, які наўпрост парушае таямніцу споведзі, падлягае адлучэнню па загадзя вынесенаму судоваму рашэнню, зарэзерваванаму за Апостальскім Пасадам; калі ж ён парушае яе толькі ўскосна, то яго трэба пакараць у залежнасці ад цяжкасці злачынства» (пар. кан. 1388).
Паводле таго жа Кодэксу кананічнага права, «таямніца споведзі непарушная; таму духоўніку самым строгім чынам забараняецца выдаваць таго, хто каецца словамі або якім-небудзь іншым спосабам і з якой бы ні было прычыны». Таксама і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ўзгадвае, што таямніца споведзі не дапускае ніякіх выключэнняў.
У кастрычніцкім інтэрв’ю адносна гэтага закона, які імкнецца парушыць канфідэнцыяльнасць споведзі ў выпадках жорсткага абыходжання з непаўнагадовымі, арцыбіскуп Мельбурнскі Пітэр Каменсолі сказаў, што ён асабіста будзе абсалютна захоўваць таямніцу споведзі.
Арцыбіскуп адзначыў, што прызнанні аб гвалце над дзецьмі ў кантэксце споведзі сустракаюцца вельмі рэдка і што ён будзе настойліва заклікаць усіх, хто прызнаецца ў злоўжываннях, паведамляць пра сябе ў паліцыю. Разам з тым іерарх падкрэсліў, што Касцёл забараняе святару загадваць грэшніку здацца ўладам.
Біскуп Каменсолі сказаў, што ён таксама будзе заахвочваць гэтую асобу, якая прызналася ў злоўжыванні, да паўторнага прызнання, але ўжо па-за кантэкстам самой споведзі, дзе пячатка сакрамэнту не будзе накладаць на святара абсалютны абавязак захавання таямніцы, і ён зможа паведаміць аб гвалтаўніку ў паліцыю.
Каралеўская камісія па інстытуцыйных пытаннях адносна сексуальнага гвалту над дзецьмі пасля пяцігадовага даследавання, завершанага ў 2017 годзе, звярнулася да аўстралійскага ўраду з больш чым 100 рэкамендацыямі. Гэтыя рэкамендацыі ўключалі патрабаванне да рэлігійных лідэраў паведамляць аб выпадках жорсткага абыходжання з дзецьмі.
Настаўнікі, паліцэйскія і лекары ўжо цяпер паводле гэтага закону абавязаны паведамляць аб выпадках фізічнага і сексуальнага гвалту над дзецьмі.
У верасні, калі Заканадаўчы сход Тасманіі прыняў закон аб абавязковай справаздачы, які не прадугледжваў таямніцы споведзі, арцыбіскуп Джуліян Портус з Хобарта сказаў, што Папа вельмі выразна выказаўся на гэтую тэму:
«Не можа быць ніякіх выключэнняў у дачыненні да недатыкальнасці таямніцы споведзі».
Паводле яго словаў, Касцёл заўсёды будзе выконваць усе астатнія патрабаванні закону аб абавязковай справаздачы. «Святары і ўсе, хто працуе ў Касцёле, разумеюць свой абавязак перад законам паведамляць аб выпадках сексуальнага гвалту над дзецьмі. Святары, аднак, не могуць выконваць закон, які патрабаваў бы ад іх парушыць вернасць вучэнню Касцёла аб недатыкальнасці і непарушнасці таямніцы споведзі. Урады могуць даваць разнастайныя апраўданні для жадаючых даведацца, што было сказана святару падчас споведзі, ад самага высакароднага (абарона нявіннага чалавечага жыцця) да самага нізкага (падтрыманне палітычнай улады)», — сказаў ён.
«Аднак калі б адзін святар парушыў таямніцу споведзі, вернікі страцілі б упэўненасць у тым, што тое, што яны вызнаюць, не можа быць апублікавана або выкарыстана супраць іх», — сказаў біскуп, які прывёў прыклады святых, якія аддалі свае жыцці, але не парушылі пячатку таямніцы споведзі.
Канстытуцыя Аўстраліі ўсталёўвае свабоду веравызнання. Аднак незразумела, ці атрымаецца аспрэчыць гэтыя новыя заканадаўчыя правілы ў судовым парадку.
Першы закон, які абавязвае святароў паведамляць пра злоўжыванні, быў прыняты ў 2018 годзе на тэрыторыі сталіцы Аўстраліі. Штаты Новы Паўднёвы Уэльс, Куінслэнд і Заходняя Аўстралія захавалі прававую абарону для святароў, якія імкнуцца захаваць таямніцы споведзі, паведамляе The Mail on Sunday.