Пошук

03.12.2019 13:15   Падрыхтаваў: Кс. Аляксандр Улас / Паводле: catholicnewsagency.com / Catholic.by
Ілюстратыўная выява. Фота Віталія Палінеўскага

Манаскі ордэн у Паўднёвай Каліфорніі пачаў Адвэнт з незвычайнай акцыі. Ён прапанаваў усім карыстальнікам інтэрнэту перажыць Адвэнт з лічбавым календаром, які дазваляе католікам больш глыбока падрыхтавацца да Божага Нараджэння.

Як паведамляе Catholic News Agency, віртуальны каляндар быў запушчаны ў Першую нядзелю Адвэнту святарамі ордэну нарбертынцаў з абацтва св. Міхала ў акрузе Орындж штата Каліфорнія.

Веб-сайт, на якім знаходзіцца гэты каляндар, уключае таксама штодзённыя разважанні, відэа, музыку і каментары.

Кожны дзень каляндар будзе прапаноўваць паглыбляцца ў розныя тэмы, звязаныя з Адвэнтам, такія, як значэнне калядных свечак і вянкоў, гістарычныя звесткі пра мудрацоў і пастухоў, кароткая біяграфія святога Мікалая.

Каляндар уключае таксама калядную музыку, якая выконваецца нарбертынцамі, і даследуе такія пытанні, як: «Ці павінна Божае Нараджэнне быць толькі для хрысціян?»

Мэта праекту — прапанаваць «іншы спосаб прыцягвання вернікаў і... дапамагчы ім падрыхтаваць свае сэрцы і розум да Божага Нараджэння», гаворыцца ў прэс-рэлізе кляштара.

«Мы спадзяемся, што гэты каляндар дапаможа католікам ва ўсім свеце даведацца больш пра сваю веру, узрастаць у ёй, дапаможа ім падрыхтавацца да прыйсця Хрыста», — сказаў а. Шарбэль Грбавац, адзін з членаў супольнасці.

«Наш ордэн быў заснаваны святым Норбертам, каталіцкім рэфарматарам, які імкнуўся абнавіць Касцёл у цяжкія часы і прапаведваць вернікам, — дадаў ён. — І ў апошнія часы мы працуем над тым, каб выкарыстаць лічбавыя медыя як новы спосаб выканаць сваю місію і прыцягнуць вернікаў і абнавіць Касцёл. Мы спадзяемся і молімся, каб гэты каляндар стаў крыніцай добрых, сталых плёнаў».

Згодна з канонікамі, нарбертынцы — святары, якія жывуць у супольнасці і раздзяляюць харызму і агульнае малітоўнае жыццё. На працягу тыдня яны працуюць як настаўнікі і прапаведнікі ў мясцовых школах, каледжах і катэхізатарскіх навучальных установах. Па выходных яны прапаведуюць у больш чым 30 мясцовых парафіях.

У мінулым годзе нарбертынцы запусцілі лічбавую бібліятэку пад назвай «Кола абата», каб прапанаваць відэа, аўдыё і пісьмовыя рэсурсы пра каталіцкую веру за межамі іх абацтва ў Паўднёвай Каліфорніі.

Абноўлена 03.12.2019 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця