Пошук

14.11.2019 13:27   Паводле: catholicnewsagency.com / Catholic.by
фота: pics.utro.ru

Крыпта базылікі св. Марка ў Венецыі была цалкам затоплена 13 лістапада пасля таго, як узровень вады дасягнуў самага высокага ўзроўню за апошнія больш чым 50 гадоў.

Як паведамляе Catholic News Agency, мясцовыя ўлады аб’явілі надзвычайнае становішча толькі пасля таго, як адзін чалавек загінуў у выніку гэтай самай моцнай паводкі за апошнія дзесяцігоддзі ў Венецыі. Найвышэйшая адзнака вады дасягнула больш чым 183 см.

У 926-гадовай гісторыі базылікі св. Марка было толькі шэсць паводак падобнай ступені цяжкасці.

Раніцай 13 лістапада, калі праліўныя дажджы сціхлі, Патрыярх Венецыі Франчэско Маралья і мэр горада Луіджы Бруньяро разам агледзелі ўрон, прычынены базыліцы.

 

Фота: pic.twitter.com/3Qy7070hZn

«Базыліцы святога Марка нанесены сур’ёзны ўрон, як і ўсяму гораду і астравам», — пацвердзіў мэр пасля візіту. «Венецыя стаіць на каленях», — напісаў ён у сваім твітары.

«Мы тут з Патрыярхам Маральяй, каб аказаць нашу падтрымку, але нам патрэбная дапамога кожнага, каб пераадолець гэтыя дні, якія ставяць нас пад выпрабаванне», — сказаў мэр пасля свайго візіту ў базыліку.

Нягледзячы на сур’ёзны ўрон, нанесены базыліцы, Патрыярх Маралья адзначыў, што занепакоены перш за ўсё тымі, хто спіць на вуліцах Венецыі, і спадзяецца, што венецыянскія парафіі будуць першымі, хто адчыніць ім свае дзверы.

«Мы павінны быць блізкімі да венецыянцаў, я папрасіў Caritas быць актыўным ва ўсіх магчымых адносінах, а таксама вылучыць надзвычайныя сродкі для дабрачыннасці», — сказаў іерарх у інтэрв’ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву Stampa.

Фота: pic.twitter.com/3Qy7070hZn

Абноўлена 02.12.2019 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця