22 жніўня ўпершыню адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў насілля з прычын рэлігіі або веравызнання. Рэзалюцыю ў гэтай справе адзінагалосна прыняло ў маі бягучага года Агульнае пасяджэнне ААН па ініцыятыве польскай дыпламатыі.
Як адзначае партал wiara.pl, здаўна найбольш пераследаванай рэлігійнай групай у свеце з’яўляюцца хрысціяне, якіх, як вынікае з найноўшага рапарту Папскага таварыства дапамогі Касцёлу ў патрэбе, у 2018 г. загінула як мінімум 4305 чалавек, а больш за 1,8 тыс. хрысціянскіх святыняў было знішчана або атакавана. У суме больш за 327 мільёнаў вызнаўцаў Хрыста ў розных частках свету пераследуюцца або дыскрымінуюцца.
Паводле рапарту таварыства дапамогі Касцёлу ў патрэбе, у 2018 годзе ў 38 краінах здараліся «сур’ёзныя або крайнія выпадкі парушэння рэлігійнай свабоды», а ў 21 з іх справа даходзіла да пераследу.
Гэта былі Афганістан, Саудаўская Аравія, Бангладэш, Бірма, Кітай, Эрытрэя, Індыя, Інданэзія, Ірак, Емен, Паўночная Карэя, Лівія, Нігер, Нігерыя, Пакістан, Палестына, Самалі, Судан, Сірыя, Туркменістан і Узбекістан. Наступныя 17 краін названы месцамі дыскрымінацыі з рэлігійных прычын: Алжыр, Азербайджан, Бутан, Брунэй, Егіпет, Іран, Катар, Казахстан, Кіргізія, Лаос, Мальдзівы, Маўрытанія, Расія, Таджыкістан, Турцыя, Украіна і В’етнам.
Гэты рапарт не толькі прадстаўляе стан рэлігійнай свабоды ў свеце, але і ўказвае, як змянілася сітуацыя ў гэтай сферы ў розных краінах і рэгіёнах у апошнія два гады. Аказваецца, што пераслед найбольш жорсткі пастаянным застаецца ў Паўночнай Карэі, Саудаўскай Аравіі, Нігерыі, Афганістане і Эрытрэі. Спад насілля занaтаваны ў Танзаніі і Кеніі, якія ў папярэднім выданні рапарту прадстаўляліся як «краіны пераследу», галоўным чынам з прычыны тэрактаў, здзейсненых ісламістамі.
Як адзначаецца ў дакуменце, насілле з рэлігійных прычын мае розную ступень, але ў кожным выпадку рэлігійныя меншасці ўспрымаюцца як пагроза для дзяржавы.
Паводле рапарту, гэта адна з найбольш непакоячых тэндэнцый, якія праяўляюцца найперш у Індыі, Кітаі, Паўночнай Карэі, Пакістане, М’янме.
Рапарт звяртае ўвагу, што ў той час як у некаторых краінах «паменшылася колькасць выпадкаў парушэння рэлігійнай свабоды ісламісцкімі групоўкамі, аднак такія выпадкі з’явіліся ў многіх іншых месцах». Падкрэсліваецца, што «вялікім шанцам» з’яўляецца аслабленне так званай Ісламскай дзяржавы ў Іраку і вялікай частцы Сірыі ў ваеннай сферы, але існуе рызыка недаацэньвання пагрозаў, якія працягвае несці гэтая групоўка.
У дакуменце заўважаецца, што ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Азіі з’явіліся новыя ісламскія збройныя рухі. Напрыклад, калі ў Нігерыі крыху аслабляецца дзеянне Боко Харам, то ўзмацняюцца акты насілля з боку ісламскіх пастыраў з племені Фулані ў дачыненні да хрысціян, якія моляцца.
Ісламскі фундаменталізм дае сябе адчуць і ў Інданэзіі, дзе, напрыклад, 13 мая 2018 г. адбыліся атакі на тры касцёлы. У Бангладэш у выніку замахаў загінула як мінімум некалькі дзясяткаў чалавек.
Паводле рапарту, драматычная сітуацыя хрысціян існуе ў Палестыне: у сектары Газа іх колькасць у апошнія 6 гадоў паменшылася з 4,5 тысяч да 1 тысячы, значыць на 75 працэнтаў.
У Егіпце ў 2016–2018 гадах занатавана 5 вялікіх замахаў, з якіх апошні здарыўся 2 лістапада 2018 г. Таксама там існуюць гвалтоўныя навяртанні ў іслам маладых дзяўчат і жанчын. Штогод такі ж лёс спатыкае ў сярэднім тысячу хрысціянскіх і індуісцкіх дзяўчат у Пакістане.
Акрамя таго, у рапарце гаворыцца пра ўзмацненне антысемітызму ў Еўропе з аднаго боку і ўсё больш частыя тэракты на Захадзе з іншага. Таксама звернута ўвага на расчараванне блізкаўсходніх хрысціян, якія пасля сыходу з іх земляў Ісламскай дзяржавы вяртаюцца на радзіму да знішчаных дамоў, але часта не знаходзяць дапамогі ў адбудове з боку заходніх дзяржаваў.