З 1 па 6 жніўня ў Меджугор’і (Боснія і Герцэгавіна) праходзіў 30-ы «Младзіфэст» — моладзевы фестываль, які сёлета з’яднаў у супольнай малітве каля 50 тысяч удзельнікаў з больш за 80 краін свету, у тым ліку і з Беларусі.
Пасля таго, як з’явіўся афіцыйны дазвол Святога Пасаду арганізоўваць пілігрымкі ў Меджугор’е, у гэтым міжнародным форуме сёлета бяруць удзел біскупы і кардыналы. Пра гэта паведаміла, між іншым, беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
На «Младзіфэст» у Меджугор’е скіравалася таксама група з Беларусі пад кіраўніцтвам лідара моладзевага душпастырства Гродзенскай дыяцэзіі OPEN кс. каноніка Антонія Грэмзы.
«Марыя радуецца нашай прысутнасці», — напісаў святар на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Вк.
У апошні дзень форуму да сабранай у Меджугор’і моладзі звярнуўся старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рыно Фізікела, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне «Младзіфэсту». Хрысціянская любоў — гэта шлях, каб даць сэнс свайму жыццю, падкрэсліў іерарх у прамоўленай катэхезе, у якой распавёў, што значыць быць місіянерам у сучасным секулярызаваным грамадстве.
«Евангелле — гэта прапанова свабоды для ўсіх. Яно з’яўляецца збаўленнем для тых, хто прагне даць сэнс свайму жыццю і гатовы адкрыць сэрца, каб дазволіць сіле ласкі перамяніць яго»,— сцвердзіў арцыбіскуп Фізікела.
Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі заўважыў, што фундаментальнай рысай новай евангелізацыі павінна быць павага да свабоды чалавека. Распавядаць пра Хрыста трэба з далікатнасцю, але адначасова з гарачым сэрцам, з усведамленнем таго, што кажам пра Божага Сына і Збаўцу.
Арцыбіскуп Рыно Фізікела заклікаў моладзь памятаць пра важнасць быць паслухмянымі Святому Духу, пра гатоўнасць пакінуць свае заняткі, наследуючы Яго.
«Будзем бегчы па дарозе, каб дасягнуць тых, хто мае прагненне Бога і тугу па Ім. Прынясём гэтым людзям слова, якое збаўляе і прабачае, слова, якое кажа пра Любоў, бо скіроўвае позірк на саму крыніцу любові — Хрыста, уцелаўлёнага Божага Сына, памерлага і ўваскрослага дзеля нас», — сказаў высокі ватыканскі іерарх.