Пошук

12.05.2019 19:01   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Меджугор’е. Фота: tektonministries.org

Пра тое, што Святы Айцец дазволіў арганізоўваць пілігрымкі ў Меджугор’е, паведамілі 12 мая Апостальскі візітатар парафіі арцыбіскуп Генрык Хосэр і Апостальскі нунцый у Босніі і Герцэгавіне Луіджы Пэцута.

Як адзначыў пры гэтым часовы кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Алессандро Джызоцці, чые словы перадае італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтае рашэнне Папы паклікана спрыяць развіццю добрых плёнаў, але не азначае прызнання аб’яўленняў у Меджугор’і.

Папа Францішак прыняў рашэнне дазволіць пілігрымкі ў Меджугор’е, якія з гэтага часу можна афіцыйна арганізоўваць у дыяцэзіях і ў парафіях, а не толькі праводзіць у выглядзе прыватных выездаў, як было раней.

Пра гэта паведамілі Апостальскі нунцый у Босніі і Герцэгавіне Луіджы Пэцута і Апостальскі візітатар арцыбіскуп Генрык Хосэр, які з’яўляецца спецыяльным прадстаўніком Святога Пасаду ў парафіі ў Меджугор’і.

Часова выконваючы абавязкі кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Алессандро Джызоцці, адказваючы на пытанні журналістаў, падкрэсліў, што гэты дазвол Святога Айца нельга ўспрымаць як прызнанне «вядомых падзеяў, якія ўсё яшчэ патрабуюць даследавання з боку Касцёла».

«Такім чынам, падобныя пілігрымкі не могуць стаць прычынаю незразумення або двухсэнсоўнасці ў дактрынальных пытаннях. Гэта датычыцца таксама пастыраў усіх ступеняў пасвячэння, якія маюць намер скіравацца ў Меджугор’е і там удзельнічаць у цэлебрацыі або канцэлебрацыі, у тым ліку ўрачыстай», — адзначыў кіраўнік прэс-службы.

«З улікам вялікіх патокаў людзей, якія кіруюцца ў Меджугор’е, і шчодрых плёнаў ласкі, якія там праявіліся, гэтае распараджэнне ідзе ў рэчышчы асаблівай увагі, якую Святы Айцец меў намер звярнуць на гэтую рэчаіснасць з мэтаю спрыяць развіццю добрых плёнаў», — дадаў Алессандро Джызоцці.

На заканчэнне ён сказаў, што такім чынам Апостальскі візітатар будзе мець магчымасць у паразуменні з мясцовымі ардынарыямі ўсталёўваць адносіны са святарамі, адказнымі за арганізацыю пілігрымак у Меджугор’е, надзейнымі і добра падрыхтаванымі асобамі, даючы ім інфармацыю і ўказанні для плённага правядзення такіх пілігрымак.

Гэтае рашэнне Пантыфік прыняў амаль праз год пасля прызначэння арцыбіскупа Варшаўска-Пражскага на пенсіі Генрыка Хосэра спецыяльным Апостальскім візітатарам для парафіі ў Меджугор’і. Як тое прызначэнне, так і дазвол пілігрымак не датычацца дактрынальных пытанняў адносна сапраўднасці аповедаў пра аб’яўленні «Каралевы супакою», якія, па словах некаторых візіянераў, адбываюцца ў Меджугор’і з 1981 г. да гэтага часу.

Па неафіцыйных звестках, штогод парафію ў Меджугор’і наведваюць каля 2,5 млн вернікаў з усяго свету.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, арцыбіскуп Хосэр падкрэслівае, што Меджугор’е з’яўляецца перадусім знакам жывога Касцёла. Атмасфера гэтага месца спрыяе малітве і навяртанню. Іерарх таксама адзначае, што большасць пілігрымаў прыбывае сюды не з-за аб’яўленняў, а менавіта таму, што іх перадусім прыцягвае атмасфера малітвы.

Абноўлена 13.05.2019 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа