Пошук

24.07.2018 08:00   Паводле: Vatican News / Catholic.by

22 ліпеня ўвечары арцыбіскуп Генрык Хосэр распачаў сваю місію ў Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна) ў якасці Апостальскага візітатара для мясцовай парафіі.

Прымаючы гэтае новае служэнне, даручанае яму Святым Айцом, арцыбіскуп Варшаўска-Пражскі на пенсіі адзначыў важнасць Меджугор’я як месца пабожнасці, дзе многія атрымліваюць Божыя ласкі і ажыўляюць свае адносіны з Хрыстом.

Арцыбіскуп Хосэр падкрэсліў, што папа Францішак скіраваў яго ў Меджугор’е, паколькі душпастырскі клопат патрабуе забеспячэння стабільнай і няспыннай падтрымкі парафіяльнай супольнасці і вернікаў, якія прыбываюць сюды як пілігрымы.

«Святы Айцец пасылае нас туды, дзе жывуць людзі, дзе збіраюцца вернікі, шукаючы святла збаўлення», — адзначыў іерарх.

Ён падкрэсліў, што ў цэнтры таго, што адбываецца ў Меджугор’і знаходзіцца св. Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, споведзь, да якой тут прысупае вялікая колькасць вернікаў, набажэнства Крыжовага шляху, а таксама малітва на Ружанцы. Гэта паказвае на тое, што ў гэтым месцы народная пабожнасць не супярэчыць праўдам веры і што тут можна адчуць унікальнае дзеянне Божай ласкі.

Арцыбіскуп Хосэр падкрэсліў, што Маці Божая ўшаноўваецца ў Меджугор’і як Каралева Супакою. Гэты заклік ёсць таксама і ў Ларэтанскай літаніі.

«Гэта праўда, што ў свеце існуе вострая патрэба міру: міру ў сэрцах усіх людзей, міру ў сям’і, сацыяльнага і міжнароднага міру, так жаданага кожным чалавекам, асабліва грамадзянамі гэтай краіны, моцна выпрабаванымі вайной на Балканах», — сцвердзіў новапрызначаны Апостальскі візітатар.

Іерарх дадаў, што спрыянне міру азначае жаданне будаваць культуру, заснаваную на любові, камуніі, братэрстве, справядлівасці, і, такім чынам, на міры і свабодзе.

«Няхай Багародзіца, Маці Князя Супакою, абвешчанага прарокамі, будзе нашай Апякункай, нашай Каралевай, нашай Маці», — завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Хосэр.

У цырымоніі інаўгурацыі місіі, апрача шматлікіх вернікаў, узялі ўдзел Апостальскі нунцый у Босніі і Герцагавіне арцыбіскуп Луіджы Пецута, пастыр італьянскай дыяцэзіі Алесандрыя біскуп Гуідо Галезэ, а таксама правінцыял мясцовых францішканаў айцец Міленко Штэка.

Абноўлена 24.07.2018 12:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.