Пошук

04.07.2019 10:35   Паводле: Департамент інформації УГКЦ / news.ugcc.ua / Фота: zarvanytsya.org / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

30 чэрвеня ў саборы Маці Божай Зарваніцкай, што на Цярнопальшчыне ва Украіне, адбылася ўрачыстая архіерэйская Боская Літургія з нагоды надання святыні статусу Малой базылікі.

Як паведамляе дэпартамент інфармацыі УГКЦ, у Літургіі ўзялі ўдзел Першавярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук, Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, іерархі, духавенства, вернікі і пілігрымы, а таксама прадстаўнікі ўкраінскіх дзяржаўных уладаў.

«Сёння ў Зарваніцы мы перажываем асаблівую хвіліну. Для мноства людзей Зарваніца ўвасабляе сабою як быццам бераг Галілейскага мора. Мы прыходзім сюды, стомленыя жыццёвым морам. Нас заліваюць хвалі; гэтае мора ніколі не бывае спакойным <…>. І мы шукаем пэўнага берагу, да якога можна прыстаць, гэта значыць, прагнем надзейнасці ў нашым жыцці.

Усе абяцаюць нам стабільнасць. „Стабільнасць“ — гэта такое нейкае чароўнае слова, якое гучыць з вуснаў многіх.

Але ж мы разумеем, што стабільнасць, дабрабыт і мір знойдзе толькі той, хто прыстане да берага, па якім і сёння сярод нас праходзіць Хрыстус», — адзначыў у прамоўленым слове Першавярхоўны арцыбіскуп УГКЦ Святаслаў Шаўчук.

Паводле высокага ўкраінскага іерарха, Сын Божы — гэта надзейная апора для кожнага чалавека. У хвіліну разгубленасці ён заклікае ісці да Зарваніцкай Маці Божай, якая дапаможа знайсці правільны шлях у жыцці.

«Для хрысціянаў Дзева Марыя — гэта асоба сапраўднай Настаўніцы, якая „злавіла“ ўсё чалавецтва і прывяла яго да свайго Сына. Яна і сёння паказвае нам шлях да свайго Сына і кажа: „Прыйдзіце да Яго!“ Яна — настаўніца сапраўднай веры.

І дзеля таго, каб падкрэсліць, наколькі важным берагам для ўкраінскага народа з’яўляецца Зарваніца, сёння адбываецца важная падзея: рашэннем Святога Айца Францішка гэты сабор Маці Божай Зарваніцкай атрымлівае сусветнае імя, становячыся малою папскаю базылікаю.

Гэтае святое месца атрымлівае прызнанне паўсюднай Царквы. Папа як быццам жадае сёння сказаць: калі хтосьці жадае ўратавацца ад навальніцаў жыццёвага мора — спяшайцеся ў Зарваніцу. Вашая Маці чакае вас там», — сцвердзіў кіраўнік УГКЦ.

На заканчэнне Літургіі Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці зачытаў дакумент, падпісаны папам Францішкам, якім засведчыў наданне статусу малой папскай базылікі сабору ў Марыйным духоўным цэнтры «Зарваніца».

Пасля гэтага арцыбіскуп Васіль Семянюк, Мітрапаліт Цярнопальска-Збораўскі, на тэрыторыі якога знаходзіцца малая базыліка, звярнуўся да прадстаўніка Святога Айца ва Украіне і да Першавярхоўнага арцыбіскупа са словамі ўдзячнасці, а таксама падараваў ім памятныя іконы Маці Божай Зарваніцкай.

Цудадзейная ікона Маці Божай Зарваніцкай. Фота: kyrios.org.ua
Цудадзейная ікона Маці Божай Зарваніцкай. Фота: kyrios.org.ua

Даведка

«Малая базыліка» — гэта тытул, які Папа надае некаторым асабліва важным святыням. Першапачаткова базылікай называліся святыні, пабудаваныя паводле пэўных архітэктурных канонаў, аднак з XVII стагоддзя тэрмін больш не прывязаны да архітэктуры і падкрэслівае не архітэктурныя асаблівасці, а значнасць сакральнага будынку.

Сабор на Цярнопальшчыне, дзе ўшаноўваецца цудадзейная ікона Маці Божай Зарваніцкай, стаў першай грэка-каталіцкай святыняй ва Украіне, якая атрымала гэты высокі статус ад Святога Айца.

Чатыры галоўныя святыні Рыма маюць статус Вялікіх папскіх базылік, а малых базылік у свеце налічваецца каля 1600. Малой базылікай з’яўляецца таксама Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай у Беларусі.

Абноўлена 04.07.2019 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа