У нядзелю 23 чэрвеня па рашэнні польскага епіскапату ва ўсіх касцёлах і капліцах краіны будзе спявацца малітва Суплікацыі «Святы Божа» як выраз перапрашэння за ўчыненыя святатацтвы і знявагі святыняў, якія ў апошні час сталі нярэдка здарацца ў традыцыйна каталіцкай Польшчы.
Як падае партал Deon.pl, Старшыня Канферэнцыі Епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, паведамляючы пра гэтае рашэнне польскіх біскупаў, зазначыў:
«У хрысціянскай традыцыі апаганеным месцам або прадметам неабходна вярнуць першапачатковы сакральны характар, што адбываецца праз спецыяльны абрад пакаяння.
Таму хачу паведаміць, што біскупы, сабраныя на 383-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Епіскапату Польшчы, заклікаюць да публічнага перапрашэння Бога за ўчыненыя святатацтвы».
Пра гэта кіраўнік польскага епіскапату напісаў у спецыяльным паведамленні на тэму актаў нянавісці ў адносінах да католікаў у Польшчы, заклікаўшы польскіх вернікаў пасля кожнай св. Імшы ў нядзелю спяваць малітву Суплікацыі «Святы Божа».
Да такой малітвы біскупы заахвочвалі вернікаў таксама падчас урачыстасці Божага Цела, якая адзначалася 20 чэрвеня (у Польшчы з’яўляецца выходным днём). Так, Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч падкрэсліў, што такім чынам «мы жадаем перапрасіць, папрасіць прабачэння ў Бога за грахі знявагі Найсвяцейшага Сакрамэнту, знявагі святой Імшы, пародыі працэсіі Божага Цела: такія рэчы здараліся на вуліцах нашых гарадоў». Разам з тым іерарх адзначыў, што, «спяваючы суплікацыю, мы таксама просім прабачэння за грахі, якія паходзяць знутры самога Касцёла».
Малітоўны спеў «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны», вядомы таксама ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі, належыць да ўрачыстых старажытных просьбаў Касцёла, якія называюцца Суплікацыяй.
Гэтая малітва спяваецца, між іншым, падчас традыцыйных эўхарыстычных працэсій Божага Цела, якія праходзіць таксама ў Беларусі. У нядзелю 23 чэрвеня менавіта гэтая малітва стане ў Польшчы формай перапрашэння за ўчыненыя ў апошні час у краіне знявагі святых месцаў і прадметаў культу, а таксама за праявы агрэсіі ў адносінах да хрысціянаў і духоўных асобаў.
Падобная малітва перапрашэння ў форме набажэнстваў Крыжовага Шляху нядаўна адбывалася таксама ў нашай краіне на заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Прычынаю гэтай пабожнай ініцыятывы паслужыла святатацкае знішчэнне крыжоў ва ўрочышчы Курапаты — на месцы масавых рэпрэсій, падчас якіх ад рук савецкіх катаў загінулі дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў.