Пошук

14.06.2019 15:13   Паводле: Vatican News
Фота: romereports.com (стоп-кадр)

13 чэрвеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Апостальскіх нунцыяў, якія працуюць у розных краінах свету. У Рым прыбыло больш за сто папскіх пасланнікаў, у тым ліку Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сустрэча прайшла за зачыненымі дзвярыма.

У тэксце прамовы, якая была ўручана дыпламатычным прадстаўнікам, Папа нагадаў, што нунцый павінен быць «чалавекам Божым», які не падманвае бліжняга, не распаўсюджвае плётак, «захоўвае вочы і вушы чыстымі ад бруду свету». «Ён не дазваляе падмануць сябе мірскімі каштоўнасцямі, але глядзіць на Божае слова, каб разумець, што з’яўляецца мудрым і добрым», — дадаў Пантыфік.

Нунцый, па яго словах, павінен спрыяць развіццю сваіх супрацоўнікаў, быць сціплым, не шукаць раскошнага жыцця.

Гонар чалавека Касцёла — быць «слугой усіх», заўважыў Папа.

«Быць чалавекам Касцёла — значыць адважна бараніць Касцёл ад сіл зла, якія заўсёды намагаюцца дыскрэдытаваць, ачарніць ці абгаварыць яго, — сцвердзіў Святы Айцец. — Быць чалавекам Касцёла — значыць быць сябрам біскупаў, святароў, манаскіх асобаў і вернікаў, з даверам і чалавечым цяплом выконваючы сваю місію поруч з імі і заўсёды маючы касцёльны позірк: позірк чалавека, які адчувае сябе адказным за збаўленне ўсіх».

Як дадаў Пантыфік, папскі дыпламат павінен адрознівацца ад іншых дыпламатаў тым, што падчас такіх святаў, як Вялікдзень і Божае Нараджэнне, застаецца на месцы свайго служэння, каб святкаваць іх разам з Божым народам той краіны, у якой знаходзіцца.

Калі нунцый будзе закрывацца ў нунцыятуры і пазбягаць сустрэчы з людзьмі, ён здрадзіць сваёй місіі, перакананы Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў, што нунцый прадстаўляе не сябе, а Наступніка св. Пятра. «Таксама ён мае пастаянны абавязак уводзіць у курс справы і інфармаваць Папу пра розныя сітуацыі, касцёльныя і грамадскія перамены ў краіне, у якую скіраваны, — сказаў Святы Айцец. — Таму неад’емным з’яўляецца добрае знаёмства з яе звычаямі і, па магчымасці, мовай, трымаючы дзверы нунцыятуры і свайго сэрца адчыненымі для ўсіх».

Місія папскага прадстаўніка несумяшчальная з крытыкай Пантыфіка за плячыма або з далучэннем да груп, варожых яму, Курыі і Рымскаму Касцёлу, падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу нунцыяў на важнасць паслухмянасці і малітвы, без чаго можна ператварыцца ў «звычайных чыноўнікаў, заўсёды незадаволеных і нецярплівых». Ён заклікаў сваіх дыпламатаў не прымаць дарагіх і часта бескарысных падарункаў або накіроўваць іх на дабрачынныя мэты.

«Памятайце, што атрыманне дарагіх падарункаў ніколі не апраўдвае карыстання імі», — звярнуў увагу ён.

Папа Францішак праводзіць такога роду сустрэчу для Апостальскіх нунцыяў ужо ў трэці раз — папярэднія праходзілі ў 2013 і 2016 гг. Апрача аўдыенцыі ў Пантыфіка, дыпламаты ўдзельнічаюць у кансультацыях з кіраўніцтвам, сустракаюцца ў рабочых групах, моляцца разам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа