Пошук

13.06.2019 10:32   Паводле: Vatican News
Фота Crux Now
Фота Crux Now

Не баяцца разнастайнасці, не прывязвацца да рэчаў і быць сведкамі Бога заклікаў папа Францішак вернікаў на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 12 чэрвеня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік працягнуў цыкл катэхезаў, прысвечаных Дзеям Апосталаў: кнізе, у якой апісана гісторыя «вандравання» Евангелля па свеце.

«Усё пачынаецца з уваскрасення Хрыста. Яно, па сутнасці, з’яўляецца не толькі адной з многіх падзей, але і крыніцай новага жыцця. Вучні ведаюць гэта і, паслухмяныя загаду Езуса, застаюцца паяднанымі, адзінадушнымі і настойлівымі ў малітве.

Яны збіраюцца каля Марыі, Маці, і рыхтуюцца прыняць Божую моц не пасіўна, але ўмацоўваючы еднасць паміж сабой», — заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў балючую гісторыю Юды. «Ён ужо раней пачаў адлучацца ад еднасці з Панам і іншымі, дзейнічаць у адзіночку, ізалявацца, прывязвацца да грошай ажно да выкарыстання бедных, губляць з вачэй перспектыву бескарыслівасці і ахвяравання сабой і, нарэшце, дазволіў вірусу пыхі заразіць розум і сэрца, ператварыўшыся з „сябра“ (гл. Мц 26, 50) у ворага і „правадыра для тых, хто схапіў Езуса“ (пар. Дз 1, 17)», — сказаў Папа.

Ён дадаў, што Юда атрымаў вялікую ласку ўвайсці ў групу блізкіх да Езуса людзей і ўдзельнічаць у Яго служэнні, але ў нейкі момант вырашыў «уратаваць» сваё жыццё, а ў выніку страціў яго (пар. Лк 9, 24).

«Ён перастаў належаць да Езуса сэрцам і выйшаў з камуніі з Ім і з сваімі. Ён перастаў быць вучнем і паставіў сябе вышэй за Настаўніка», — адзначыў Пантыфік.

«Калі Юда аддаў перавагу смерці, а не жыццю (пар. Дрг 30, 19; Сір 15, 17) і наследаваў прыклад бязбожных, жыццё якіх пакрытае цемрай і вядзе да падзення (пар. Прып 4, 19; Пс 1, 6), Адзінаццаць выбралі жыццё і благаслаўленне, становячыся асабіста адказнымі за тое, каб дазволіць яму цячы па гісторыі, з пакалення ў пакаленне, ад ізраільскага народа да Касцёла», — заўважыў Святы Айцец.

З адыходам Юды на целе супольнасці ўтварылася рана і ўзнікла неабходнасць перадаць яго месца іншаму.

Пётр вызначыў патрабаванні: новая асоба павінна быць вучнем Езуса ад самага пачатку, ад хросту ў Ярдане і да канца, да Унебаўшэсця (пар. Дз 1, 21-22). Урэшце, нагадаў Папа, «пачаўся працэс калектыўнага распазнання, які заключаецца ў тым, каб паглядзець на рэчаіснасць вачыма Бога, праз прызму еднасці і адзінства».

Уся супольнасць пачала маліцца, а потым, праз лёсы, Пан указаў на Мацея, які ў выніку далучыўся да Адзінаццаці.Такім чынам цела Дванаццаці было адноўлена, на знак таго, што адзінства перамагае падзелы, ізаляцыю, ментальнасць, якая абсалютызуе прыватную прастору, на знак таго, што еднасць — гэта першае сведчанне, якое даюць апосталы. Езус казаў: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).

Паводле папы Францішка, праз ласку еднасці вучні дазваляюць заззяць не сваёй меркаванай дасканаласці, але Таму, які цяпер жыве па-новаму сярод свайго народа: Пану Езусу.

«Апосталы выбіраюць жыццё пад уладай Уваскрослага ў еднасці паміж братамі, якая становіцца адзінай магчымай атмасферай сапраўднага дару сябе», — сцвердзіў Пантыфік.

«І нам неабходна нанава адкрыць для сябе прыгажосць сведчання аб Уваскрослым, пазбягаючы самадастатковасці, адмаўляючыся ад стрымлівання Божых дароў і не паддаючыся павярхоўнасці. Уз’яднанне апостальскай калегіі паказвае, што ў ДНК хрысціянскай супольнасці прапісаны адзінства і свабода ад саміх сябе, што дазваляе не баяцца разнастайнасці, не прывязвацца да рэчаў і дароў і станавіцца martyres — яскравымі сведкамі Бога жывога, які дзейнічае ў гісторыі», — сказаў Папа.

У другой частцы агульнай аўдыенцыі папа Францішак прывітаў групы пілігрымаў, сабраныя на плошчы св. Пятра, нагадаў, што 13 чэрвеня — гэта дзень св. Антонія Падуанскага, і пажадаў вернікам, каб яго заступніцтва дапамагло адчуць палёгку, якую дае Божая міласэрнасць.

Абноўлена 13.06.2019 12:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця