Пошук

29.05.2019 16:32   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: romewise.com
Ілюстрацыйнае фота: romewise.com

Калі Святы Дух пранікае ў чалавечае слова, яно пачынае ламаць схемы і муры падзелаў, адкрываючы новыя шляхі і пашыраючы межы Божага народу, адзначыў папа Францішак 29 мая на агульнай аўдыенцыі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, Пантыфік распачаў новы цыкл катэхез, прысвечаных Дзеям Апосталаў. Ён нагадаў, што гэтая біблійная кніга, напісаная св. Лукой, распавядае пра падарожжа Евангелля па свеце і дэманструе сувязь паміж Божым словам і Святым Духам, што дало пачатак эпосе евангелізацыі.

Папа звярнуў увагу, што Божае слова заўсёды застаецца дынамічным: яно «бяжыць» і акрапляе кожную глебу, на якую трапляе.

«У чым жа яго сіла? Святы Лука кажа нам, што людское слова становіцца плённым не дзякуючы рыторыцы, мастацтву красамоўства, але дзякуючы Святому Духу, які з’яўляецца dýnamis Бога, дынамікай Бога, Яго моцай, здольнай ачышчаць слова, рабіць яго носьбітам жыцця», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Калі Святы Дух наведвае чалавечае слова, яно становіцца дынамічным, як “дынаміт”, здольным запальваць сэрцы, ламаць схемы, супраціў і муры падзелу, адкрываючы новыя шляхі і пашыраючы межы Божага народу», — сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, менавіта Святы Дух дае «жывое гучанне і праніклівасць нашаму крохкаму чалавечаму слову», здольнаму да падману і безадказнасці. Гэта той самы Дух, праз якога прыйшоў на зямлю Сын Божы. Гэта Ён намасціў і падтрымаў Езуса падчас Яго місіі, дапамог у абранні апосталаў і гарантаваў плённасць іх прапаведванню. Усё гэта Ён працягвае рабіць і сёння.

Папа нагадаў, што Евангелле завяршаецца ўваскрасеннем і ўнебаўшэсцем Езуса. Адсюль пачынаецца сюжэт Дзеяў Апосталаў — ад багацця жыцця Уваскрослага ў Яго Касцёле. Езус «з’явіўся жывым пасля сваёй мукі» і заклікаў «жыць з верай у чаканні спаўнення абяцання Айца»: «Будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым» (Дз 1, 5), — працытаваў Пантыфік.

«Хрост Святым Духам, насамрэч, — гэта досвед, які дазваляе нам увайсці ў асабістую еднасць з Богам і ўзяць удзел у Яго паўсюднай збаўчай волі, набываючы дар парэзіі, адвагі — здольнасці прамаўляць слова як “Божыя дзеці”.

Не проста як людзі, але як Божыя дзеці: слова яснае, свабоднае, плённае, напоўненае любоўю да Хрыста і братоў», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу, што «не трэба весці барацьбы, каб здабыць ці заслужыць Божы дар». Важна «заключыць саюз з часам, мець здольнасць чакаць разгортвання святой гісторыі, якая не перарвалася, але працягвацца, быць здольнымі чакаць “крокаў” Бога, Пана часу і прасторы».

«Уваскрослы заклікае сваіх не “ствараць” місіі самастойна, а чакаць, пакуль Айцец напоўніць сілай іх сэрцы праз свайго Духа, каб маглі ўключыцца ў місійнае сведчанне», — дадаў Пантыфік.

«Гэтае чаканне апосталы перажываюць разам, перажываюць як сям’я, як сям’я Пана, у верхнім пакоі Вячэрніка, сцены якога яшчэ былі сведкамі дару, праз які Езус даў сябе сваім у Эўхарыстыі. А як яны чакаюць моцы, dýnamis Бога? — Молячыся з настойлівасцю, не як асобныя людзі, але як адно цэлае. Молячыся ў адзінстве і настойліва. Насамрэч, менавіта з дапамогай малітвы чалавек перамагае адзіноту, спакусы, падазронасць і адкрывае сэрца на еднасць. Прысутнасць жанчын і Марыі, Маці Езуса, умацоўвае гэты досвед: яны першымі навучыліся ад Настаўніка сведчыць аб вернасці любові і сіле еднасці, якая перамагае любы страх», — заўважыў Папа.

Завяршаючы катэхезу, Святы Айцец заклікаў прасіць Пана аб цярплівасці і паслухмянасці ў чаканні Яго крокаў, што дапаможа перамагчы спакусу «ствараць» Яго справу самастойна.

Таксама Папа заахвоціў пастаянна ўдасканальвацца ў «мастацтве касцёльнай еднасці».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.